МІНСК, 24 ліс — Sputnik. Фотавыстава, прысвечаная храмам Віцебскай вобласці, праходзіць у галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.
Фотавыстава "Храмы Віцебшчыны" з'яўляецца часткай экспазіцыі "Беларусь: адраджэнне духоўнасці". Гэта своеасаблівая справаздача фотамастака Васіля Белякова аб яго падарожжах па Віцебскай вобласці. Звыш за 20 тыс. км Васіль Белякоў пераадолеў у пешых і веласіпедных маршрутах на працягу 2013-2016 гадоў, каб зняць матэрыял. У гэтым стыль, сэнс і лад жыцця вандроўцы і фотамастака.
Асаблівасць большасці прадстаўленых на выставе работ у тым, што фотамастак не выкарыстоўвае фоташоп, а знаходзіць такія ракурсы, дзе не бачныя індустрыяльныя элементы, а толькі культавыя будынкі і навакольная прырода.
Васіль Белякоў скончыў геалагічны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, ваенную акадэмію, падпалкоўнік запасу. Жыве ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці. З 2009 года займаецца актыўнай выставачнай дзейнасцю. Супрацоўнічае з навуковым аддзелам Нацыянальнага парку "Нарачанскі": у гарадах Паставы, Мядзел, пасёлку Нарач прайшла яго фотавыстава "Прырода роднага краю".
У 2013 годзе фотамастак пры садзейнічанні арганізацыі "Зялёны крыж" падрыхтаваў выставу "Сляды гісторыі", прысвечаную падзеям Першай сусветнай вайны.
У наступным годзе стартаваў сумесны праект Васіля Белякова і навуковага аддзела Нацыянальнага парку "Нарачанскі" пад назвай "Іх лёсы зліты ў адно…" аб слядах падзей Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Пастаўскага, Мядзельскага і Смаргонскага раёнаў. У 2015 годзе фотавыставы Белякова прайшлі ў Віцебску і ў гарадах Мінскай вобласці.
Экспазіцыя будзе працаваць да 10 снежня.