МІНСК, 25 ліс — Sputnik. Расійскі артыст Андрыс Ліепа паведаміў Sputnik, што паспрабуе наведаць цырымонію развітання з оперным спеваком Дзмітрыем Хварастоўскім, якога не стала 22 лістапада ў Лондане.
У суботу мультымедыйны прэс-цэнтр Sputnik Беларусь наведаў народны артыст Расіі Андрыс Ліепа, чый творчы вечар "Дзягілеў-Гала" пройдзе ў нядзелю ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску.
"Я 27-га прылятаю ў Маскву. Калі атрымаецца, абавязкова там буду", — сказаў Ліепа.
Артыст выказаў здагадку, што цырымонія развітання з Хварастоўскім будзе доўгай, паколькі яго працягваюць любіць вялікая колькасць людзей. Увесь свет смуткуе аб страце вядомага опернага спевака, дадаў артыст.
У Вене, адзначыў ён, на будынку оперы быў вывешаны чорны жалобны сцяг, чаго не было раней.
У Мінску Ліепа паспеў наведаць Свята-Елісавецінскі манастыр, дзе памянуў Дзмітрыя.
"Вельмі шмат людзей на гэтай зямлі сыходзяць з жыцця, і ніхто пра іх не згадвае. Часам прыходзіш на могілкі, і бачыш занядбаныя магілы. А ёсць людзі, якія пасля смерці пачынаюць нейкі свой іншы цыкл. Тое ж самае адбылося з Марысам (бацькам Андрыса — Sputnik), яго няма ўжо досыць доўга, а фонд існуе (Дабрачынны фонд імя Марыса Ліепы — Sputnik). Мне здаецца, што ў артыста ўзроўню Хварастоўскага пачынаецца іншы этап жыцця. Жыццё пасля смерці — гэта ўсё роўна жыццё", — сказаў артыст.
Глядзіце на відэа поўную версію прэс-канферэнцыі народнага артыста Расіі Андрыса Ліепы ў МПЦ Sputnik Беларусь.