МІНСК, 29 ліс — Sputnik. У Беларусі выдадзена кніга "Грошык і таямнічы кошык", паведамілі Sputnik у прэс-службе Нацыянальнай бібліятэкі.
Кніга стала сумесным творчым праектам рэдакцыі часопіса "Вясёлка" і Беларусбанка і ўбачыла свет у выдавецтве "Адукацыя і выхаванне". У падзагалоўку значыцца — "Азбука фінансавай граматнасці ад Беларусбанка".
"Аўтар выдання — вядомы дзіцячы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар часопіса "Вясёлка" Уладзімір Ліпскі — запрашае малодшых школьнікаў у падарожжа па сакрэтных лабірынтах фінансавай граматнасці", — распавялі ў прэс-службе бібліятэкі.
Аповесць-казка дапамагае зразумець сутнасць фінансавых тэрмінаў і раскрывае ролю фінансавай граматнасці ў нашым жыцці. Што такое фінансы і чаму "капейка рубель беражэ", дзе дарослыя бяруць грошы і з чаго складаецца сямейны бюджэт, што азначаюць словы "банкамат", "крэдыт" і "інкасатар"?.. Аб гэтым і не толькі распавядаюць "юным фінансістам i банкiрам" займальныя аповеды пісьменніка.
Акрамя шматлікіх ілюстрацый, у кнізе маюцца рэбусы, загадкі — адным словам, працуе сапраўдная "школка Грошыка". Уладзімір Ліпскі разам з дзецьмі разважае над беларускімі народнымі прымаўкамі і выслоўямі: "Будзем мы — будуць грошы", "Малады назбірай, а стары пражывай", "узбіцца на капейку" і інш.
"Кніга выйшла тыражом 1 000 экзэмпляраў, аднак відавочна, што наперадзе яе чакае перавыданне, бо фінансавая адукацыя дзяцей з'яўляецца неад'емнаяй часткай сучаснага выхавання. І такія выданні, даступныя і зразумелыя дзецям, — найлепшыя памочнікі ў гэтай справе", дадалі ў Нацыянальнай бібліятэцы.