МІНСК, 12 сне — Sputnik. Фільм расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава "Нялюбасць" намінаваны на кінапрэмію "Залаты глобус" у намінацыі "Лепшы фільм на замежнай мове", абвясцілі арганізатары прэміі.
Драма "Нялюбасць" была прадстаўлена летам гэтага года. Стужка ўжо паспела атрымаць шэраг узнагарод — у тым ліку і прыз журы Канскага кінафестываля. Быў вылучаны Расіяй фільм і на "Оскар", аднак лонг-ліст намінантаў прэміі пакуль не апублікаваны.
Зрэшты, стала вядома, што "Нялюбасць" апынулася ў ліку намінантаў на прэмію "Залаты глобус" — як "Лепшы фільм на замежнай мове". Сярод канкурэнтаў стужкі — шведскі "Квадрат", нямецкі "З ніадкуль", чылійскі фільм "Фантастычная жанчына" і карціна з Камбоджы "Спачатку яны забілі майго бацьку".
У 2015-м прэмію "Залаты глобус" атрымаў папярэдні фільм Звягінцава — "Левіяфан". Змагалася тады стужка і за "Оскар", аднак прэмію атрымаць не ўдалося.
Андрэй Звягінцаў — адзін з самых паважаных сучасных расійскіх рэжысёраў, аўтар карцін "Вяртанне", "Алена", "Выгнанне", "Левіяфан" і "Нялюбасць. У яго "скарбонцы" — дзесяткі міжнародных узнагарод і прэмій.