МІНСК, 12 сне — Sputnik. 7 студзеня Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra дадуць у Мінску святочны канцэрт з праграмай "На Каляды". Музыка запрашае ўсіх прыходзіць сем'ямі.
Назву праграме дала песня на словы Уладзіміра Някляева, анімацыйны кліп на якую за два гады сабраў больш за 40 тысяч праглядаў на YouTube. У лістападзе 2017 яна прагучала ў якасці акустычнага біса на аншлагавым юбілейным канцэрце Вайцюшкевіча "25 гадоў на сцэне" ў КЗ "Мінск" — тады яе спявала ўся зала.
"Раней мы рабілі такі канцэрт штогод і зараз вельмі хацелася б вярнуць гэтую традыцыю. Будуць лепшыя песні, а таксама святочныя і нават дзіцячыя. Будзе найлепшы святочны настрой нават для тых, каго ён да гэтага абміне. Планую быць на канцэрце разам са сваёй сям'ёй, запрашаю і вас прыходзіць разам з дзеткамі", — распавёў Зміцер Вайцюшкевіч.
Зміцер Вайцюшкевіч з праграмай "На Каляды" выступіць 7 студзеня ў ПК Шарко (Мінск, вул. Уральская, 3); пачатак а 19-й; квіткі — ад 23 рублёў.