"Крамбамбуля" запісала новую песню і зладзіць квэст па вуліцах Мінска

© Sputnik / Юлія ХвошчLidbeer-2017
Lidbeer-2017 - Sputnik Беларусь
Падпісацца
"Крамбамбуля" выдала новую песню і запрашае мінчукоў і гасцей сталіцы на адмысловы "партызанскі" квэст.

МІНСК, 14 сне — Sputnik. Гурт "Крамбамбуля" прэзентаваў новую песню "Партызаны каляднага лесу" — яна дала назву канцэртнай праграме, якая прагучыць 21 снежня ў Prime Hall. А ў нядзелю прыхільнікаў чакае "Партызанскі квэст" па вуліцах Мінска.

"Песня пра людзей, якія займаюцца даўншыфтынгам. Якія сыйшлі ад рэчаіснасці ў міфічны калядны лес. У якім чамусьці няма нават інтэрнэту. Якія не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. Якія ўвогуле незразумела чым займаюцца — змагаюцца з уяўным ворагам, якога, можа быць, і не існуе", — распавядае Лявон Вольскі пра кампазіцыю, якая суправаджаецца гумарыстычным відэашэрагам.

У нядзелю 17 снежня аматараў гурта таксама чакае адмысловы гарадскі квэст ад гульнявой прасторы Quvalda. Удзельнікі будуць вандраваць па Мінску і адгадваць зашыфраваныя ў загадках месцы і аб'екты, звязаныя з творчасцю "Крамбамбулі" і Лявона Вольскага. Усе ўдзельнікі напрыканцы сустрэнуцца з Лявонам Вольскім і музыкамі гурта, атрымаюць падарункі. Галоўны прыз — квіткі за столік на канцэрце 21 снежня. Рэгістрацыя і ўмовы — па спасылцы.

21 снежня ў межах праграмы "Партызаны каляднага лесу" гледачоў чакаюць лепшыя песні "Крамбамбулі", канцэптуальнае сцэнічнае шоу і кілатоны навагодняга настрою. 

Стужка навiн
0