МІНСК, 15 сне — Sputnik. Фільм "Нелюбоў" расійскага кінарэжысёра Андрэя Звягінцава трапіў у "кароткі спіс" намінантаў сярод лепшых замежных фільмаў прэміі "Оскар".
Прэмія "Оскар" — адна з самых паважаных у свеце, яе ўручаюць члены амерыканскай кінаакадэміі. Чарговая цырымонія прысуджэння залатых статуэтак адбудзецца 4 сакавіка 2018-га.
Ад Расіі на прэмію вылучалі фільм "Нелюбоў" Андрэя Звягінцава. У прынцыпе, вылучыць карціну на суісканне прэміі ў намінацыі "Лепшы замежны фільм" можа любая краіна, аднак прызнаннем заслуг рэжысёра становіцца тое, што яго стужка ўвайшла ў шорт-ліст прэміі.
Ужо 23 студзеня з шорт-ліста акадэмікі адбяруць асноўных намінантаў, сярод якіх і абяруць пераможцу прэміі. У "кароткі спіс" увайшлі, акрамя "Нелюбові", наступныя фільмы:
- "Фантастычная жанчына" (Чылі)
- "На мяжы" (Германія)
- "Аб целе і душы" (Венгрыя)
- "Факстрот" (Ізраіль)
- "Абраза" (Ліван)
- "Феліс" (Сенегал)
- "Рана" (ПАР)
- "Квадрат" (Швецыя)
Усяго акадэмікі паглядзелі 92 замежных фільма — з іх для шорт-ліста і былі выбраны лепшыя. Папярэдні фільм Звягінцава, "Левіяфан", таксама вылучаўся на прэмію "Оскар" і трапляў у "кароткі спіс", аднак узнагароду так і не атрымаў.
Не так даўно стала вядома, што "Нелюбоў" увайшла ў спіс намінантаў іншай прэстыжнай прэміі — "Залаты глобус". Многія кінакрытыкі спадзяюцца, што ў фінальны спіс патрапіць драма і на "Оскары".