МІНСК, 15 сне — Sputnik. За апошні час у горадзе на Дзвіне з'явілася мноства арт-аб'ектаў, сярод іх лаўка ў выглядзе будаўнічай кельні, перадае карэспандэнт Sputnik.
Так работнікі адной з гарадскіх фірмаў вырашылі ўласнымі сіламі ўпрыгожыць вуліцу Праўды. Як адзначыла кіраўніцтва прадпрыемства, ідэя з'явілася даўно, але спатрэбіўся час для ўзгаднення праекта з гарадскімі ўладамі.
"Я хажу па гэтай вуліцы ўжо больш за 30 гадоў. І заўсёды хацелася гэты мікрараён крыху ажывіць, дадаўшы нешта асаблівае", — распавёў дырэктар фірмы Мікалай Акуловіч.
Арыгінальная лавачка знаходзіцца недалёка ад прыпынку грамадскага транспарту, прыцягваючы ўвагу мінакоў, а ў школьнікаў і студэнтаў ужо стала ўлюбёным месцам для сэлфі.
"А чаму б і не сфатаграфавацца на такой прыкольнай лаўцы. Цяпер закіну ў "Інстаграм", няхай сябры з іншых гарадоў паглядзяць і паставяць "падабайкі", у іх усё роўна такога няма", — распавяла Sputnik дзевяцікласніца Алена.
Вясной незвычайную лаўку плануюць упрыгожыць кветкамі, зрабіўшы яе больш утульнай і прыгожай. Акрамя таго, дызайнерам Міхаілам Бычкоўскім распрацаваны яшчэ чатыры падобныя зоны адпачынку, якія павінны з'явіцца на вуліцы Праўды. Адна з іх будзе створана ў выглядзе капітэлі з будаўнічымі інструментамі.
У Віцебску імгненна паўсталі новыя традыцыі, звязаныя з некаторымі скульптурамі. Лічыцца, напрыклад, што калі пацерці бронзавых Залатую рыбку і старога Хатабыча, устаноўленых у горадзе гэтым летам, і пры гэтым загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца.