Стыльскі, Клюеў і Дзянісаў выступяць разам з "Крамбамбуляй"

© Photo : "Крамбамбуля"Гурт "Крамбамбуля"
Гурт Крамбамбуля - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Заяўленыя музыкі ніколі з "Крамбамбуляй" не выступалі.

МІНСК, 19 сне — Sputnik. Толькі 2 дні засталося да вялікага святочнага канцэрта гурта «Крамбамбуля» з праграмай "Партызаны каляднага лесу". Напярэдадні канцэрта 21 снежня ў Prime Hall калектыў абвясціў пра пашырэнне складу.

Адмыслова для гэтага выступу гурт рыхтуе новую праграму і канцэптуальнае шоў з дэкарацыямі. Прагучаць усе самыя драйвовыя песні з шасці альбомаў "Крамбамбулі", а таксама святочныя і рамантычныя. Некаторыя давялося нават развучыць наноў — яны не гучалі больш па 5-7 гадоў. Але гэта і блізка не ўсё, што чакае публіку.

"Напярэдадні вялікага святочнага сходу ў наш партызанскі атрад залічаны тры новыя байцы-вакалісты. Гэта ўжо вядомыя па музычных змаганнях Юрый Стыльскі ("Дай дарогу!"), Пётр Клюеў (гурты Amplituda Smielasci і ЛСП), а таксама Алесь Дзянісаў (Dzieciuki). Ніхто з іх з "Крамбамбуляй" раней не спяваў, але мы добра ведаем іх здольнасці і ўпэўненыя, што гэта будзе моцна!", — напісана ў паведамленні гурта на Facebook.

Акрамя таго, падчас канцэрту адбудзецца ўручэнне медалёў і ордэнаў атраду "Крамбамбуля" — "За добрыя справы, пра якія не напішуць у СМІ". Узнагароды выраблены з экалагічнага і высокаякаснага матэрыялу — беларускага дрэва. Кандыдатаў цягам 10 дзён мог прапанаваць кожны ахвочы.

Сярод пераможцаў хлопчык Цімафей, які выратаваў і выгадаваў вулічнага ката (ён атрымае "Ордэн Міколкі Паравоза"), жаночы партызанскі атрад, які гадуе трох дзяцей (медалі "За лясное братэрства"), а таксама дзяўчына Валянціна, якая дапамагае сябрам, незнаёмым людзям і ніколі не здаецца ("Ордэн дзеда Талаша").

Ёсць сярод пераможцаў і зусім сур'ёзныя людзі — "Ордэн зялёнага дуба" атрымае Павел Падкарытаў — мецэнат, які адрадзіў аграсядзібу ў Падароску; медалямі "За нашу і вашу свабоду" уганаруюць Змітра Юркевіча, які шмат зрабіў дзеля папулярызацыі гістарычнай постаці Тадэвуша Рэйтана, і яго сябра Змітра Дразда, які адчыніў грамадскасці шмат новых фактаў пра класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Квіткі на канцэрт 21 снежня можна набыць на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама на сайце Primehall.by і ў касах клуба. Кошт квіткоў: танцпляц — 40 руб., сядзячыя — ад 42 руб. Ёсць варыянты для групавых замоваў.

Стужка навiн
0