На відэароліку, апублікаваным Гомельскім абласным упраўленнем МНС, відаць, што транспартны сродак засеў у снезе на вузкай лясной дарозе. Паведамленне аб тым, што здарылася, паступіла выратавальнікам у аўторак, 19 снежня, у 16:30.
Аўтобус, у якім знаходзіліся восем пасажыраў, у тым ліку шасцёра дзяцей, затрымаўся на дарозе паблізу вёскі Беразнякі.
Выратавальнікі, якія прыбылі на месца надзвычайнага здарэння, здолелі выцягнуць са снегу транспартны сродак з дапамогай лябёдкі, у выніку інцыдэнту ніхто з пасажыраў не пацярпеў.
Гэта не першы выпадак, калі выратавальнікам давялося выцягваць са снежнага палону школьны аўтобус. Раніцай у аўторак, 19 снежня, дапамога спатрэбілася транспартнаму сродку, у якім знаходзіліся 20 дзяцей і трое дарослых. У гэтым выпадку таксама абышлося без пацярпелых.
Раней у Дзяржаўтаінспекцыі паведамілі Sputnik, што моцныя ападкі ў Беларусі заспелі знянацку многіх аўтамабілістаў. Занос у кювет — адна з праблем, з якой сутыкнуліся вадзіцелі. Інспектары заклікаюць удзельнікаў дарожнага руху не заставацца абыякавымі да чужой бяды і дапамагаць удзельнікам руху, якія трапілі ў бяду.