ГОМЕЛЬ, 22 сне — Sputnik. Ёлку цалкам са штучных матэрыялаў упершыню на адной з плошчаў устанавілі ў Навабеліцкім раёне Гомеля — металічны каркас абгарнулі зялёным сінтэтычным газонам.
Ідэю камунальнікам падказалі мясцовыя жыхары. У ранейшыя гады на 16-метровы сталёвы каркас нанізвалі каля 3000 жывых яловых лап, што выклікала справядлівыя нараканні ў абаронцаў прыроды.
"Яловыя лапкі вырашылі замяніць штучнай травой. Каб абгарнуць елку на Сажалках, спатрэбілася 300 квадратных метраў газона. Ворс "адзення" 50 міліметраў, што цалкам супастаўна з іголкамі на жывых ёлках", — распавялі Sputnik у адміністрацыі Навабеліцкага раёна.
Незвычайная канструкцыя ўвайшла ў топ тэм аб Гомелі. Карыстальнікі ўжо паспелі абазваць навабеліцкую елку чукоцкім чумам, пудзілам і пачварай. Зрэшты, ёсць і зваротная рэакцыя: галота на выдумкі хітрая, збераглі лес і "бачыў такое ў Кіеве".
У раённай адміністрацыі ўпэўненыя, што прыйшоў час адмовіцца ад выкарыстання натуральнай зеляніны для мантажу навагодніх ёлак. Перш за ўсё з-за беражлівых адносін да прыроды.
Ёлку на Сажалках і двух астатніх пляцоўках Навабеліцкага раёна запаляць некалькі дзясяткаў Дзядоў Марозаў і Снягурак 22 снежня. Тэатралізаванае шэсце пройдзе па вуліцы Ільіча — ад Цэнтра культуры Гомельскага раёна (вул. Ільіча, 38) да кінатэатра "Мір", пачатак запланаваны на 15:00.