Каляды лічацца самым вясёлым і адным з самых значных святаў у беларускім календары. Да таго ж, Каляды — гэта трыадзінае свята. Яно вельмі важнае для ўсіх культур сусвету, пачынаючы нават ад Вавілону. Дахрысціянскія Каляды на Беларусі ўяўлялі сабой тры моманты, ці "тры куцці", каб асэнсаваць пражытое і рухацца наперад.
"Як святкавалі Каляды ў Вавілоне, я вам калі-небудзь распавяду. Гэта вельмі весела і павучальна. У хрысціянскай традыцыі мы таксама бачым трыаду Калядаў: нарадженне Збавіцеля, яго прызнане і хрышчэнне. Але акрамя існуючай легенды Калядаў можна прыдумляць і новыя святочныя гісторыі", — кажа Хаменка.
У гэтым годзе ізноў пройдзе традыцыйны "Калядны Фэст". Ён адбудзецца ўжо ў 10-ты раз, і весці яго будзе Алег Хаменка. У фестывалі прымуць удзел вядомыя беларускія гурты як фальклорнага, так і рок ды метал накірункаў. На сцэну юбілейнага фестываля выйдуць "Стары Ольса", "Адарвірог", "Яварына", "Палац", "Trollwald" і "Gods Tower". Свята пачнецца ў клубе Re:Public 25 снежня ў 17:30.
Гутарку з Алегам Хаменкам слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.