МІНСК, 26 сне — Sputnik. Электронны этна-гурт ŠUMA (Shuma) вырашыў падаць заяўку на нацыянальны адбор "Еўрабачання-2018", пра гэта паведаміў калектыў напярэдадні ў сябе ў сацыяльных сетках.
Прыём заявак для ўдзелу ў адборы на "Еўрабачанне 2018" ад Беларусі завяршаецца ў аўторак. Сярод тых, хто даслаў свае кампазіцыі для ўдзелу ў праслухоўваннях — і поп-, і рок-, і нават этна-выканаўцы.
Стала вядома і пра тое, што сваю заяўку на адбор вырашылі падаць музыкі электроннага этна-гурта Shuma. Калектыў вядомы сваім незвычайным сучасным гучаннем фальклорных матываў.
З якой кампазіцыяй гурт будзе ўдзельнічаць у беларускім адборы — пакуль не вядома. Музыканты папрасілі сваіх прыхільнікаў далучыцца да "кампаніі рэкламнага флуда" і аказаць ім падтрымку.
Нацыянальны адбор на "Еўрабачанне 2018" праводзіцца Белтэлерадыёкампаніяй. Пасля праслухванняў экспертнае журы вызначыць да 15 фіналістаў, якія і будуць змагацца ў прамым эфіры за права паехаць на конкурс у Лісабон. Пераможцу вызначаць па схеме "50 на 50" — і тэлегледачы, і сябры журы.
Поўны спіс тых, хто падаў заяўкі для ўдзелу ў адборы, пакуль не вядомы, аднак пра свой намер паспрабаваць паехаць на конкурс ужо заяўлялі Гюнеш, Анжаліка Пушнова, Аляксей Грос, "Июль", Kattie, гурт "PROвокация" і іншыя выканаўцы.