Навагодняе свята "Алімпійская ёлка" сабрала ў аўторак у выставачным комплексе "БелЭкспа" больш за 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. Зоркі беларускага спорту Іна Жукава, Дзмітрый Дашчынскі і многія іншыя прыйшлі сюды са сваімі дзецьмі. Гімнастка Ксенія Санковіч прывяла аднагадовую дачушку. На мерапрыемства прыйшлі і выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Цэнтральнага раёна Мінска.
Дзеткі самых розных узростаў весяліліся каля вялікай зялёнай ёлкі ў кампаніі раставых лялек і мімаў. А пасля для іх быў падрыхтаваны навагодні мюзікл "Аднойчы ў Снежным Каралеўстве" ў выкананні акцёраў тэатра эстрады.
А яшчэ на "Алімпійскай елцы" запальвалі новых "зорачак": павіншавалі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Алімпійскі агонь запальвае сэрцы", які праводзіў НАК сярод дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю. Першае месца ў намінацыі "Агонь надзеі" заняла Дзіяна Янчык з Гарадзішча, а ў намінацыі "Агонь натхнення" — Аляксандр Гарбачоў з Гомеля. Пакуль дзеці загадвалі свае жаданні, вядомыя спартсмены віншавалі краіну з надыходзячым Новым годам і Калядамі.