МІНСК, 27 сне — Sputnik. Новыя эскалатары запусцілі на цэнтральным чыгуначным вакзале ў Мінску, перадае карэспандэнт Sputnik.
Усяго на вакзале станцыі "Мінск-Пасажырскі" было запушчана шэсць новых эскалатараў, гэта было прымеркавана да 155-годдзя Беларускай чыгункі, якое адзначаецца 27 снежня.
"Мы заўсёды ставілі ў якасці прыярытэту камфорт і бяспеку пасажыраў, і ўвядзенне ў эксплуатацыю шасці новых эскалатараў — толькі частка планаў", — распавёў начальнік станцыі "Мінск-Пасажырскі" Віктар Нізохін.
Новыя эскалатары спыняюцца праз хвіліну пасля таго, як з іх сыходзяць пасажыры. Гэта дазваляе эканоміць электраэнэргію, распавялі супрацоўнікі станцыі.
Устаноўку эскалатараў праводзілі ў складаных умовах — вакзал не спыняў сваю працу. Па словах супрацоўнікаў, пасажыры з разуменнем ставіліся да нязручнасцяў.
У гонар юбілею БЧ сёння ў некалькіх гарадах Беларусі на вакзалах пасажыраў чыгункі чакаюць канцэрты.