МІНСК, 28 сне — Sputnik. "Беларусьфільму" сёння ў першую чаргу неабходна вярнуць маладых людзей, якія перабіваюцца на серыялах у Маскве, перакананы мастацкі кіраўнік кінастудыі Вячаслаў Нікіфараў.
Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар паставіў перад "Беларусьфільмам" задачу — ствараць запатрабаваны гледачом нацыянальны кінапрадукт на базе айчыннага аўтара, з прыцягненнем беларускіх акцёраў і сіламі рэспубліканскай кінастудыі.
"У Беларусі кіно знаходзіцца на датацыі дзяржавы. І фінансаванне ні разу не перарывалася. Дзяржава рэканструявала "Беларусьфільм". Цяпер гэта сучасная еўрапейская кінастудыя, якая абсталявана па апошнім слове тэхнікі. Але, на жаль, сёння ў нас вялікі недахоп кадраў: сцэнарыстаў, рэжысёраў, нават аператараў", — заявіў Вячаслаў Нікіфараў у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik падчас тэлемаста, прымеркаванага да Міжнароднага дня кіно.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР і расійскай кінапрэміі "Залаты арол" нагадаў, што беларуская аператарская школа ў свой час была знакамітая на ўвесь Савецкі Саюз. Ён таксама канстатаваў і недахоп на "Беларусьфільме" рэжысёраў.
Між тым, перад кінастудыяй стаіць задача выпускаць не толькі малабюджэтнае кіно ці зарабляць грошы, падаючы здымачную пляцоўку для кінематаграфістаў з іншых краін.
"Мы маем намер рабіць буйныя нацыянальныя праекты: гістарычныя, ваенныя і гэтак далей. Галоўны клопат сёння — каб гэта быў вельмі якасны сцэнар і вельмі якаснае ўвасабленне", — заявіў намеснік дырэктара "Беларусьфільм" па творчых пытаннях.
Ён нагадаў, што набліжаюцца юбілеі 75 гадоў вызвалення Беларусі і 75 гадоў Вялікай Перамогі.
"Можа быць, будзе нацыянальны праект", — выказаў надзею госць МПЦ Sputnik.
Ён падкрэсліў, што лічыць неабходным вярнуць маладых рэжысёраў, якія сёння працуюць на расійскіх серыялах, а таксама гадаваць новыя прафесійныя кадры для "Беларусьфільма", здымаючы на кінастудыі поўнаметражныя стужкі.
Якія праблемы існуюць у нацыянальных кінастудыях у Бішкеку, Кішынёве і Таліне, вы даведаецеся з гутаркі кінематаграфістаў гэтых краін у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik.