МІНСК, 29 сне — Sputnik. Крыптавалюты як сродак інвестыцый — мадэрнізаваная МММ, заявіў напярэдадні на брыфінгу старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі Сяргей Румас.
Вядомы банкір па просьбе журналістаў распавёў пра сваё асабістае стаўленне да тэмы крыптавалют і тэхналогіі блокчэйн, якая выклікае сёння ажыятаж і актыўна абмяркоўваецца.
"Калі разглядаць як сродак інвестыцый — гэта мадэрнізаваная МММ (фінансавая піраміда ў 90-х — Sputnik). Першыя, хто ўклалі сродкі, — змогуць зарабіць, але многія страцяць грошы", — выказаўся Румас.
Пры гэтым ён прызнаў, што як сродак плацяжу крыптавалюты — зручны інструмент, а ў асаблівасці "для тых, хто па розных прычынах хоча абысці патрабаванні рэгулятараў". "Таму не зусім разумею, для чаго Беларусі тут быць наперадзе планеты ўсёй", — адзначыў кіраўнік Банка развіцця.
Скептычна Румас адносіцца і да тэхналогіі блокчэйн: на яго думку, яна не з'яўляецца рэвалюцыйнай.
"Так, гэта новая тэхналогія, заснаваная на размеркаванай базе дадзеных. Сфера яе прымянення можа быць вельмі шырокай, але казаць пра тое, што, укараняючы яе, мы вырашым усе праблемы і рванем — гэта, напэўна, завышаныя чаканні" — сказаў ён і дадаў, што гэта яго асабістая пазіцыя.
Крыптавалюты і тэхналогія блокчэйн былі ўзаконеныя ў Беларусі 22 снежня пасля падпісання кіраўніком дзяржавы дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Гэты дакумент быў названы прарыўным.