МІНСК, 2 сту — Sputnik. Беларускія дэпутаты прапанавалі ўвесці "пасведчанне суайчынніка" для выхадцаў з Беларусі, якія пражываюць за мяжой, і іх нашчадкаў.
Пра гэта паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі, паведамляе БелТА.
Мяркуецца, што ўладальнік "пасведчання суайчынніка" будзе мець пэўныя перавагі, адной з якіх з'яўляецца магчымасць уехаць у краіну без візы. Акрамя таго, прывілеі будуць распаўсюджвацца і на нашчадкаў уладальніка пасведчання.
Па задумцы, дакумент будзе распаўсюджвацца не толькі на дыяспару, але і на тых людзей, чые продкі калі-небудзь жылі на тэрыторыі Беларусі.
Парламентарый падкрэсліў, што не варта параўноўваць "пасведчанне суайчынніка" з картай паляка. "Ідэя закладзена іншая. Яна ў тым, каб умацаваць духоўную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай Радзімай", — паведаміў Варанецкі.
Дэпутаты ўжо накіравалі прапановы ва ўрад і розныя ведамствы. Парламентарыі ўпэўненыя, што такім спосабам можна засяроджваць эканамічны і культурны патэнцыял суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, на карысць краіны.