Ад Marvel да Гары Потэра: 10 самых чаканых фільмаў 2018 года

© Sputnik / Виктор ТолочкоКінапраектар, архіўнае фота
Кінапраектар, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Працяг "Фантастычных стварэнняў", трэція "Мсціўцы", прыгоды Лары Крофт, новы эпізод "Зорных войнаў" і свежая карціна ад рэжысёра "Ла-Ла Лэнда" - самыя цікавыя кінапрэм'еры 2018-га.

Надышоўшы год абяцае быць шчодрым на сапраўды гучныя навінкі ў індустрыі кіно. Самыя цікавыя і чаканыя фільмы 2018 года — у спецыяльным аглядзе Sputnik.

"Мсціўцы: Вайна бясконцасці"

Безумоўным лідэрам усіх рэйтынгаў чакання аднагалосна прызнаны адзін з самых касавых фільмаў 2018-га — новая карціна з сусвету Marvel. Традыцыйна, чакаць ад фільма варта крутых касцюмаў, эпічных боек і магутных саюзаў. Стваральнікі абяцалі паказаць амаль усіх герояў, што з'яўляліся ў кінасусвеце.

У гэты раз Мсціўцы і іх саюзнікі абароняць свет ад новай пагрозы з космасу. Міжгалактычны тытан Танас шукае Камяні бясконцасці — шэсць неверагодна моцных артэфактаў, якія дазваляюць карэктаваць рэальнасць на свой густ. Усё, з чым Мсціўцы сутыкаліся раней, вяло да гэтага супрацьстаяння — настолькі нявызначаным лёс планеты не быў яшчэ ніколі.

У беларускім пракаце фільм з'явіцца 3 мая.

"Чорная пантэра"

Усяго тры карціны з сусвету Marvel чакаюць гледачы па ўсім свеце ў надышоўшым годзе. Першая з іх названая вышэй, другая — "Чорная пантэра". Выканаўчы прадзюсар фільма Нэйт Мур назваў карціну сумессю Джэймса Бонда і "Хроснага бацькі", сямейнай драмай з размахам, змешчанай у рамкі шпіёнскай гісторыі.

У нетрах пустынных земляў у дзікай Афрыцы хаваюцца паклады ўнікальнага металу, здольнага паглынаць вібрацыю. Дабрацца да яго, руйнуючы звыклы першабытны побыт, спрабавалі многія, але кожны раз на абарону зямлі ўставаў таямнічы дух саваны — Чорная Пантэра. Праз шмат гадоў вайна паўторыцца: адрадзіць легенду і прымерыць маску Чорнай Пантэры прыйдзецца маладому прынцу.

Прэм'ера ў Беларусі адбудзецца 26 лютага.

"Дэдпул 2"

Трэці блокбастар ад Marvel у 2018 годзе з Раянам Рэйнальдсам у ролі характэрнага антыгероя коміксаў — сіквел хіта 2016 года пра балбатлівага забойцу са знявечаным тварам. У гэты раз з ім у кампаніі Джош Бролін, які сыграў напарніка — мутанта Кейбла.

У новай карціне ўжо знаёмы Уэйд Уілсан будзе змагацца з ніндзя, якудза і зграяй сэксуальна агрэсіўных сабак, падарожнічаць вакол свету і шукаць той самы новы пах прыгод і жаданы кававы кубак з надпісам "Лепшы палюбоўнік у свеце".

Кінапаказы ў Беларусі стартуюць 31 мая.

"Фантастычныя стварэнні: Злачынствы Грын-дэ-Вальда"

Юны герой Ньют Саламандэр паступова перацягвае на сябе коўдру сусвету Гары Потэра. Дзеянне развіваецца за некалькі дзесяцігоддзяў да яго з'яўлення на свет. Сцэнар новай карціны (як і першай частцы, якая зарабіла $ 814 млн у сусветным пракаце) напісала Джоан Роўлінг.

На волю вырываецца цёмны чараўнік Грын-дэ-Вальд (яго грае Джоні Дэп) і пачынае шлях да сваёй галоўнай мэты — панаванні чарадзеяў над ўсімі не магічнымі істотамі на планеце. Альбус Дамблдор (ролю якога выконвае Джуд Лоу) звяртаецца па дапамогу да Ньюта, які і не падазрае, што за небяспека яго чакае.

Прэм'ера ў Беларусі — 15 лістапада.

"Tomb Raider: Лара Крофт"

Сюжэт фільма заснаваны на рэбуце папулярнай кампутарнай гульні Tomb Raider (2013 года). Галоўную ролю выконвае шведская актрыса Алісія Вікандэр, уладальніца прэміі "Оскар" за "Дзяўчыну з Даніі", якая стане другой Ларай Крофт пасля Анджэліны Джалі ў 2003-ым.

У цэнтры сюжэту новай кінастужкі — юная Лара Крофт, якая адмаўляецца кіраваць бацькавай імперыяй і мірыцца з тым, што ён прапаў без вестак. Нават праз сем гадоў безвыніковых пошукаў дзяўчына працягвае высвятляць абставіны яго таямнічай смерці.

У беларускім пракаце фільм з'явіцца 15 сакавіка.

"Драпежнік"

Таксама ў 2018 годзе на экраны выпусцяць монстра з 1980-х. "Драпежніка" здымае Шэйн Блэк, вядомы сваёй працай над трэцім "Жалезным чалавекам", які адкінуў ідэю перазагрузкі серыі і заявіў, што будзе здымаць сіквел.

Былы марпех знаходзіць на Зямлі іншапланетную расу. Ніхто не верыць у апавяданні героя і існаванне апісаных ім стварэнняў, пакуль праз некаторы час у самым цэнтры падзей не аказваецца яго сын-аўтыст: ён умее неверагодна хутка вучыць мовы і, хутчэй за ўсё, зможа зразумець прышэльцаў.

Прэм'ера ў Беларусі адбудзецца 2 жніўня.

"Сола: Зорныя войны. Гісторыі"

Новая частка франшызы раскажа пра падзеі за межамі знаёмых трылогій "Зорных войнаў". Па словах акцёра Пола Бэтані, карціна Рона Ховарда вытрыманая ў стылі суровага крымінальнага кіно: у пэўным сэнсе гэта нават гангстэрскі фільм, які дзейнічае па правілах сусвету Джорджа Лукаса, але пры гэтым цалкам іншы.

Карціна раскажа пра пачатак прыгод касмічнага кантрабандыста Хана Сола і яго пастаяннага спадарожніка Чубакі, якім трэба будзе пазнаёміцца з Лэнда Калрысіянам — картачным шулерам з далёкай галактыкі.

Кінапаказы ў Беларусі пачнуцца 24 мая.

"Сабачы востраў"

Берлінскі кінафестываль у лютым 2018 года адкрыецца новай карцінай Уэса Андэрсана (рэжысёра фільмаў "Гатэль "Гранд Будапешт", "Акадэмія "Рашмор" і "Каралеўства поўні"). "Сабачы востраў" стане першым анімацыйным фільмам, які адкрые фестываль.

У цэнтры сюжэту — 12-гадовы хлопчык, які адпраўляецца ў падарожжа па ўсёй Японіі, каб дабрацца да смеццевага вострава. Сюды прадажны мэр горада саслаў усіх сабак, і Атары спадзяецца адшукаць там свайго вернага сябра.

Прэм'ера ў Беларусі — 3 мая.

"Гогаль. Вій" і "Гогаль. Страшная помста"

Пасля паспяховага старту першага фільма кінасерыяла "Гогаль" стваральнікі перагледзелі стратэгію яго выпуску і вырашылі адправіць на вялікія экраны ўсе тры фільма. У гэтым годзе ў пракат выйдуць астатнія карціны: "Гогаль. Вій" (5 красавіка) і "Гогаль. Страшная помста" (30 жніўня).

У сяле Дзіканька па-ранейшаму жудасна: загадкавы Вершнік забіў ужо адзінаццаць дзяўчат. Гогаля ўсё часцей пераследуюць непрытомнасці з прывідамі, якія, думае ён, набліжаюць яго да перамогі над забойцам. Даведаўшыся, што наступнай ахвярай Вершніка павінна стаць яго ўмілаваная, Гогаль просіць аб дапамозе паляўнічага на ведзьмаў Хаму Брута. Разам яны правядуць тры страшныя ночы ў сценах старадаўняй капліцы, дзе будуць адпяваць вядзьмарку Ульяну і закікаць самае жудаснае спараджэнне нячыстай сілы — Вія.

У беларускім пракаце фільмы з'явяцца 5 красавіка і 30 жніўня.

"Першы чалавек"

Дэм'ен Шазэл, які ў лютым 2017-га стаў самым маладым уладальнікам прэміі "Оскар" у намінацыі "Лепшы рэжысёр" за мюзікл "Ла-Ла Лэнд", рыхтуе да выхаду на экраны ў 2018 годзе гістарычную драму.

"Першы чалавек" раскажа аб падрыхтоўцы першага палёту на Месяц. Галоўным героем стужкі стане Ніл Армстранг (яго іграе Раян Гослінг), а час дзеяння ахопіць перыяд з моманту старта касмічнай праграмы "Апалон" і да таго, як чалавек упершыню ступіў на Месяц.

Кінапаказы ў Беларусі стартуюць 22 лістапада.

Стужка навiн
0