МІНСК, 5 сту — Sputnik. Электронная чарга да 31 снежня бягучага года з'явіцца яшчэ ў сямі пунктах пропуску на беларускай мяжы, адпаведнае распараджэнне ўрада размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Сістэма электроннага браніравання ўпершыню пачала працаваць восенню 2016 года ў пункце пропуску "Брэст". У канцы 2017-га такая ж сістэма была ўкаранёная ў "Катлоўцы" на беларуска-літоўскай мяжы.
Згодна з пастановай, на працягу гэтага года электронная чарга запрацуе ў яшчэ сямі пунктах пропуску: на мяжы з Польшчай у "Бераставіцы" і "Брузгах", на беларуска-літоўскай — у ПП "Каменны Лог", "Беняконі", "Прывалка", на мяжы з Латвіяй — у "Грыгораўшчыне" і "Урбанах", з Украінай — у "Новай Гуце".
Рыхтуецца яшчэ адно новаўвядзенне — электронную чаргу можна будзе аформіць, знаходзячыся ў зоне чакання. У "Катлоўцы" такая магчымасць ужо існуе, неўзабаве яна з'явіцца і на "Варшаўке".
Памер платы за паслугі электроннай чаргі складзе адну базавую велічыню (24,5 рублі). Раней прымяняліся дыферынцаваныя тарыфы для грузавікоў і легкавых аўтамабіляў у розныя дні, уключаючы святочныя. Змены ўступяць у сілу з 12 студзеня.
Дакумент рэгулюе права пазачарговага праезду праз мяжу ў пунктах пропуску, у якіх няма электроннай чаргі. Без чаргі могуць праязджаць грамадзяне, якія жывуць за межамі Беларусі і маюць там маёмасць альбо знаходзяцца за межамі краіны 183 дні ў год і больш. Таксама правілы пазачарговага выезду тычацца тых, хто вучыцца або працуе за мяжой, атрымлівае медыцынскую дапамогу, наведвае міжнародныя канферэнцыі ці едзе па запрашэнні міжнароднай арганізацыі. Акрамя таго, гэта правіла тычыцца тых, хто мае сваякоў за мяжой або выязджае да месцаў іх пахавання.