МІНСК, 8 сту — Sputnik. Уступная кампанія пройдзе па новай методыцы ў Беларусі у 2019 годзе, заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Юрый Міксюк.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова крытычна выказваўся пра складанасць і прынцыпы цэнтралізаванага тэставання (ЦТ) — неабходнага этапу для паступлення ў беларускія ВНУ. Зараз спецыялісты працягваюць працаваць над удасканаленнем сістэмы ў цэлым.
"Рыхтуюцца новыя тэсты, пераглядаюцца старыя — якія ў рэзерве, у фондзе. Перада мной стаіць задача, каб сістэма надзейна працавала і ў будучыні", — паведаміў Міксюк.
Па словах кіраўніка РІКВ, зараз працуе спецыяльная група — эксперты вывучаюць пытанне адпаведнасці заданняў ЦТ школьнай праграме і падручнікам.
"Калі казаць пра новую методыку, то такая задача пастаўлена з улікам таго, што ўсё больш узнікае неабходнасць менавіта ў ацэнцы ведаў. У 2019-ым уступная кампанія павінна прайсці па новай методыцы. Мы збіраемся знайсці залатую сярэдзіну — каб і ранжыраваліся абітурыенты, і ацэньваліся іх веды", — адзначыў кіраўнік РІКВ.
У 2018-м у структуры і правілах правядзення ЦТ змены чакаць не варта, паабяцаў кіраўнік інстытута. Разам з тым, ужо з лютага любы жадаючы зможа бясплатна на сайце РІКВ прайсці пробнае тэставанне па любым з 15 прадметаў.