МІНСК, 9 сту — Sputnik. Спектакль "Вітаўт" у пастаноўцы Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі пакажуць на арэне Siemens у Вільнюсе (Літва) 28 студзеня, паведамілі Sputnik у прэс-службе тэатра.
Вядучыя партыі ў спектаклі выканаюць Антон Краўчанка (Вітаўт), Ірына Яромкіна (Ганна), Аляксандра Чыжык (Ядвіга), Ягор Азаркевіч (Ягайла), Дзмітрый Шэмет (Кейстут), Вольга Гайко (Бірута), Такатошы Мачыяма (Чорны чалавек), Канстанцін Геронік (Шут).
Нацыянальны балет Вячаслава Кузняцова, у аснове якога — п'еса Аляксея Дударава, з'явіўся ў рэпертуары тэатра ў 2013-м — і адразу стаў своеасаблівай візітнай карткай беларускага балета.
Па словах крытыкаў, спектакль бярэ ў палон сваёй змястоўнай вобразнасцю, незвычайнасцю мастацкіх рашэнняў, вынаходлівасцю харэаграфічнай мовы, эмацыйнай напоўненасцю і выразнасцю.
За некалькі год, якія спектакль знаходзіцца ў рэпертуары Вялікага тэатра, ён палюбіўся гледачам, атрымаў вялікую колькасць узнагарод і нават паспеў стаць цэнтрам скандалу: літоўскі міністр культуры назвала балет правакацыяй і дэманстрацыяй мяккай сілы. Раней ішла размова аб тым, каб паказаць "Вітаўта" 16 лютага і прымеркаваць пастаноўку да 100-годдзя незалежнасці Літвы.