МІНСК, 12 сту — Sputnik. Тэрапеўтаў у беларускіх паліклініках заменяць на ўрачоў агульнай практыкі, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя рэспублікі.
Зараз у Беларусі праходзіць перападрыхтоўка ўрачоў-тэрапеўтаў у медыкаў агульнага профілю: каля 40% спецыялістаў яе ўжо прайшлі і гатовыя працаваць урачамі агульнай практыкі. Мяркуецца, што да канца 2018-га такімі спецыялістамі будуць працаваць ужо 60% усяго першаснага звяна, а да 2020-га — усе.
У Міністэрстве аховы здароўя падкрэсліваюць, што аўтаматычна мяняць тэрапеўтаў на ўрачоў агульнай практыкі ніхто не будзе. Не заменіць першаснае звяно і вузкіх урачоў-спецыялістаў. Хоць медыкі агульнай практыкі і змогуць аказаць першасную кансультацыю як ЛОРы, эндакрынолагі або неўролагі, пры неабходнасці пацыенты будуць накіроўвацца да спецыялістаў у гэтых галінах.
У рамках падрыхтоўкі ўрачы-тэрапеўты павінны будуць авалодаць новымі практычнымі навыкамі, у тым ліку ўменнем дыягнаставаць і аказваць дапамогу пры захворваннях вачэй, вушэй, носа, горла, палавых органаў, малочных залоз і іншых.
Таксама мяркуецца, што разам з урачамі агульнай практыкі будуць працаваць памочнікі ўрачоў і медсёстры — такім чынам, яны будуць праводзіць кансультацыі і аказваць дапамогу ў камандзе. Будзе інакш арганізаваны і выезд медыкаў на дом да пацыентаў.