МІНСК, 16 сту — Sputnik. Беларускі акцёр, вядучы майстар сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Пётр Юрчанкаў-малодшы памёр у Мінску, паведамілі Sputnik калегі артыста.
У Тэатры-студыі кінаакцёра Юрчанкаў-малодшы працаваў апошнія 16 гадоў. Да гэтага служыў у Купалаўскім. Яго фільмаграфія налічвала больш за 40 карцін. За ролю ў фільме "Павадыр" на кінафестывалі "Брыганціна" у Бярдзянску быў адзначаны прэміяй "Лепшы дэбют".
Пётр Юрчанкаў-малодшы з акцёрскай сям'і. Тата Пётр Юрчанкаў-старэйшы быў заслужаным артыстам Беларусі, таксама працаваў у Тэатры-студыі кінаакцёра. Пётр-малодшы сваю першую ролю ў фільме "Андрэй і злы чарадзей" выканаў у пяць гадоў. Да 11-годдзя зняўся ў пяці фільмах.
У адным з інтэрв'ю распавядаў, што яму не даваліся дакладныя навукі, што ў фізіка-матэматычнай гімназіі змог правучыцца усяго 10 дзён.
Пятру Юрчанкову-малодшаму быў 41 год.