МІНСК, 18 сту — Sputnik. Праект "Сучаснае мастацтва Беларусі" пра выдатных айчынных мастакоў ХХІ стагоддзя прадставяць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі Sputnik у Белтэлерадыёкампаніі.
"Сучаснае мастацтва Беларусі" — гэта 10 фільмаў рэжысёра Алега Лукашэвіча. Аўтар працаваў над імі з жніўня 2016 года. Ён прадстаўляе гледачам 10 творчых партрэтаў нашых сучаснікаў, сярод якіх лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Шкаруба, лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Канстанцін Касцючэнка і Ігар Бархаткоў, а таксама народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, які ў лютым гэтага года адзначыць сваё 95-годдзе.
Таксама ў рамках праекта тэлеаўдыторыя пазнаёміцца з унікальным стылем віцебскага мастака Алега Крошкіна, мастачкі з Гродна Валянціны Шобы, мастака з Мінска Сяргея Рымашэўскага.
Прэм'ера аўтарскага тэлевізійнага цыкла Алега Лукашэвіча адбудзецца 24 студзеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" у 19.30.