МІНСК, 19 сту — Sputnik. Эксперыментальны пешаходны пераход у выглядзе літары Z абсталявалі на адной з вуліц Віцебска, паведаміла абласная Дзяржаўтаінспекцыя.
Пераход уладкаваны наступным чынам — на краі тратуара перад нерэгуляваным пераходам на праспекце Перамогі ўстаноўленыя агароджы ў выглядзе "змейкі". Зроблена гэта для таго, каб пешаход перад перасячэннем вуліцы пры праходжанні праз парэнчы змог ацаніць становішча.
"Кіроўца ў сваю чаргу загадзя заўважыць пешахода, які замарудзіцца каля агароджы", — гаворыцца ў паведамленні ДАІ. Таксама для таго, каб палепшыць бачнасць на самім пераходзе, перад ім устаноўленыя святлоадбівальныя шчыты, якія дапамагаюць асвятліць пешаходаў у цёмныя часы сутак.
Інспектары да таго ж спадзяюцца, што такая агароджа спыніць і веласіпедыстаў, якія часта перасякаюць дарогу на веласіпедах.
Калі новаўвядзенне дакажа сваю эфектыўнасць, то яго пачнуць укараняць і на іншых пераходах.