МІНСК, 20 сту — Sputnik. Новае выданне беларускага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча Анатоля Бутэвіча прэзентавалі ў сталічнай "Акадэмкнізе". Раней беларускую гісторыю распавядалі выключна праз мужчынскія постаці. Аўтар кнігі вырашыў змяніць падыход і паказаць, што "насамрэч роля жанчын не меней значная, праўда, да гэтай пары належным чынам не ацэненая".
"Жанчыны заўсёды былі як бы збоку гісторыі. Але калі зазірнуць у падзеі больш глыбока, то можна ўбачыць ролю жанчыны і ў сямейным, і ў дзяржаўным, і ў палітычным жыцці. Менавіта таму нам, творчым людзям і гісторыкам, ёсць, дзе прыкласці сваю руку", — падкрэсліў Анатоль Бутэвіч.
Кніга "Жанчыны з легенды " — гэта не гістарычнае даследванне, а зборнік нарысаў, якія прадстаўляюць аўтарскі погляд на пэўныя падзеі. Пісьменнік падкрэслівае, што ў выданні канкрэтныя гістарычныя факты праходзяць праз мастацкую інтэрпрытацыю.
"Многія гісторыкі могуць мяне пакрытыкаваць і сказаць, што гэта няпраўда, але ж я прыводжу факты і толькі потым выкладаю сваю пазіцыю на гэты конт. Калі вы не згодныя, спрачайцеся на здароўе. У гісторыі абавязкова на першым месцы павінен быць факт, але калі ён ёсць, вакол можа існаваць сваё бачанне", — дадаў аўтар.
У спісе "легендарных" беларускіх жанчын Бутэвіча — не толькі Барбара Радзівіл і Соф'я Гальшанская, але і Зоя Тусналобава-Марчанка і Стэфанія Станюта. Усяго дзесяць асоб, але спіс не завершаны. Па меркаванні аўтара, гэта толькі адзінкі, а матэрыялу ў гісторыкаў павінна хапіць на сапраўдную энцыклапедыю.
"Нам, ў добрым сэнсе слова, трэба легендызаваць сваю гісторыю, не баяцца легендаў, асабліва для школы. Дзецям зараз нецікава проста вывучаць факты, падзеі і лічбы. Добра было в падаваць іх разам з легендамі. Размова не ізде пра гістарычнае скажэнне. Трэба браць факт, а потым звяртацца да яго мастацкага ўвасаблення. Толькі б гэта было займальна і падкрэслівала годнасць гэтай зямлі, годнасць людзей, якія тут жылі, і не рабіла шкоды мінуламу", — упэўнены Анатоль Бутэвіч.