МІНСК, 20 сту — Sputnik. Халоднае надвор'е ўсталюецца ў Беларусі ў першыя дні наступнага тыдня, сведчаць дадзеныя Белгідрамета.
Камфортнае зімовае надвор'е захаваецца ў краіне ў суботу і нядзелю, 20 і 21 студзеня. Так, у Мінску днём будзе —2… —4 градусы, магчымы невялікі снег.
Аднак ужо ў панядзелак, 22 студзеня, сіноптыкі абяцаюць не такое прыемнае надвор'е: удзень у сталіцы слупок тэрмометра можа апускацца да —5… —7 градусаў, уначы — да —11. Ападкаў у першыя дні тыдня не прагназуецца.
Зрэшты, ужо з серады ў Беларусь прыйдзе пацяпленне: тэмпература паветра ўдзень будзе вагацца каля нуля, а месцамі можа падняцца і да плюсавых значэнняў. Згодна з папярэднімі прагнозамі, такое надвор'е захаваецца да канца тыдня.
Калі верыць доўгатэрміноваму прагнозу надвор'я Gismeteo, моцных халадоў не будзе да канца студзеня, не трэба чакаць іх і ў першыя тыдні лютага.