У нядзелю, 21 студзеня, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдзе вечар памяці, асновай якога стане класічная музыка. Менавіта з дапамогай музыкі слухачы змогуць яшчэ глыбей пагрузіцца ў цяжкія, але вельмі важныя ўспаміны. У праграме канцэрта творы расійскіх, беларускіх і еўрапейскіх аўтараў, у якіх, так ці інакш, закранаецца тэма трагедыі тысяч яўрэйскіх сем'яў.
"Ідэя такога канцэрта ўзнікла яшчэ паўтары гады таму. У мяне ёсць асабістая гісторыя: мая прабабуля з'яўляецца адной з Праведніц народаў свету. Яна выратавала яўрэйскую сям'ю падчас вайны. У Бабруйску ёсць алея Праведнікаў, там закладзены камень з яе імем. І зараз для мяне гэтая памяць шырэйшая, чым сямейная памяць. А таксама адным з матываў стаў аднойчы пачуты мной твор Ісаака Шварца "Жоўтыя зоркі", — распавядае Лянькова.
Кампазітар Ісаак Шварц вядомы масаваму слухачу як стваральнік мелодый савецкіх песень, а таксама аўтар песень з такіх фільмаў, як "Белае сонца пустыні" ці "Зорка чароўнага шчасця". Ідэя напісання "Жоўтых зорак" з'явілася ў кампазітара пад уражаннем ад дакументальных запісак з Каўнаскага гета, асабліва ўзрушылі кампазітара апісанні святкавання Пурыма. Ісаак Шварц прысвяціў свой канцэрт памяці шведскага дыпламата Рауля Валенберга, які выратаваў у гады Другой сусветнай вайны ад смерці дзясяткі тысяч яўрэяў.
У канцэрце таксама прагучаць творы Мечыслава Вайнберга, Льва Абеліёвіча, Эдзі Тырманда, Генрыха Вагнера. Адкрыецца канцэрт выкананнем твора М.Равеля "Кадыш" — памінальнай малітвы па памерлых.
Акрамя таго, у філармоніі можна будзе паглядзець фотавыставу "Дзесяць чалавек. Дзесяць лёсаў. Адна вайна". Праект "Твары абшчыны" атрымаў прэмію імя Чарльза Хофмана. Фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, суправаджаюцца гісторыямі, запісанымі са слоў апытаных людзей. Тут жа будзе прадстаўлена інсталяцыя, створаная вядомым аўтарам яўрэйскіх лялек Валерыяй Гайшун і прысвечаная трагедыі Халакоста.
Пачатак канцэрта "Жоўтыя зоркі", прымеркаванага да Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту, 21 студзеня ў 19.00 у вялікай зале Белдзяржфілармоніі.
Гутарку з Ганнай Ляньковай і Сяргеем Белазёпцавым слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.