МІНСК, 24 сту — Sputnik. Мінулая ноч была самай халоднай у Беларусі за бягучую зіму, паведамілі ў сераду ў Белгідрамеце.
Пахаладанне прыйшло ў краіну ў канцы мінулага тыдня, аднак пратрымаецца яно нядоўга: сіноптыкі абяцаюць у бліжэйшыя дні прыкметнае пацяпленне, магчымыя нават плюсавыя тэмпературы.
Па дадзеных Белгідрамета, самая халодная ноч за зіму 2017/2018 была з аўторка на сераду. На метэастанцыі ў Вілейцы тэмпература апусцілася да —22,9 градусаў. Такіх нізкіх паказчыкаў раней у гэтым сезоне не назіралася.
Невялікае пацяпленне, якое прыйдзе ў апошнія дні студзеня, з'яўляецца нармальным для нашай краіны.
Ужо ў бліжэйшыя выхадныя тэмпература паветра можа падняцца месцамі да —3… + 3 градусаў. Зрэшты, адначасова з цяплом прыйдзе і непагадзь: магчымы ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу.