МІНСК 25 студз — Sputnik. У верасні гэтага года Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" рыхтуецца прыняць міжнародную навуковую канферэнцыю "Нясвіжскі замак: падзеі, асобы, спадчына", паведамілі Sputnik арганізатары.
Мерапрыемства будзе прысвечана 435-годдзю пачатку будаўніцтва Нясвіжскага замка.
"У 1583 годзе па ініцыятыве князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы пачалося будаўніцтва мураванага замка, які павінен быў сімвалізаваць магутнасць і багацце роду Радзівілаў. За чатыры з лішнім стагоддзі, якія прамінулі з таго часу, замак зведаў розныя перыяды: і росквіту, і заняпаду. На сённяшні дзень гэта адзін з найбольш папулярных турыстычных аб'ектаў нашай краіны і своеасаблівая візітная картка Беларусі", — падкрэслілі ў музеі.
Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць значэнне рода Радзівілаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, фартыфікацыйнае будаўніцтва на землях ВКЛ у XVI-XVIII стст., фарміраванне і лёс радзівілаўскіх калекцый, архіваў і бібліятэк, а таксама адлюстраванне гісторыі палаца ў мемуарах і эпісталярнай спадчыне.
Будуць уздымацца пытанні будаўніцтва, рэканструкцыі і рэстаўрацыя Нясвіжскага палаца і вопыт выкарыстання Нясвіжа як турыстычнага аб'екта.
Да ўдзелу ў рабоце канферэнцыі запрашаюцца гісторыкі, мастацтвазнаўцы, спецыялісты ў галіне генеалогіі, геральдыкі, нумізматыкі, краязнаўцы, музейныя і бібліятэчныя работнікі, а таксама аспіранты, магістры і суіскальнікі.