Новы год Купалаўскі тэатр пачынае прэм'ерай рускай класікі п'есы Мікалая Васільевіча Гогаля "Рэвізор". Дарэчы, гэта будзе другая пастаноўка камедыі за 35 гадоў — у 1982 годзе "Рэвізора" паставіў мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр тэатра, народны артыст Беларусі Валерый Раеўскі.
Новая пастаноўка яшчэ да прэм'еры прыцягнула ўвагу і публікі, і крытыкаў. Па-першае, спектакль ідзе ў новым перакладзе на беларускую мову. Па-другое, дзеянне п'есы перанесена ў 60-70-я гады ХХ стагоддзя.
"Я не ўсё ў Гогаля разумею і не ўсё ў яго люблю. У "Рэвізоры" мне падабаецца, што гэта як быццам такі погляд замежніка на тое, што адбываецца ў краіне, якой ён не ведаў. Такі погляд трохі збоку. Гэта мяне зацікавіла, таму што калі ты жывеш, цалкам растварыўшыся ў рэчаіснасці, шмат чаго не заўважаеш. А калі свежым вокам глядзіш на сітуацыю, яна становіцца яснай. Думаю, што ў Гогаля быў такі ж позірк ", — лічыць Пінігін.
У спектаклі прадугледжана два саставы. У ролі Гараднічага занятыя Віктар Манаеў і Віталь Макарэвіч, апекуна медыцынскіх устаноў згуляюць Дзмітрый Есяневіч і Аляксандр Зелянко. У ролі наглядчыка вучэльняў — Раман Падаляка і Аляксандр Паўлаў, суддзя — Ігар Дзянісаў і Ігар Сігаў. Ролю Хлестакова выканаюць Аляксандр Казела і Павел Харланчук. Прэм'ера пройдзе на сцэне Купалаўскага тэатра 27 і 28 студзеня.
"Рэвізор" па-беларуску: у Купалаўскім прадставілі новае прачытанне Гогаля>>
Гутарку з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалаем Пінігіным слухайце ў аўдыёзапісы радыё Sputnik Беларусь.