МІНСК, 2 лют — Sputnik. У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прадставяць выставу графікі Сальвадора Далі "Боская камедыя", паведамілі Sputnik арганізатары.
"Значэнне "Боскай камедыі" Дантэ Аліг'еры для сусветнай культуры пераацаніць немагчыма. Пры гэтым не многія могуць пахваліцца веданнем кнігі і чытаннем тэксту. На выставе прадстаўлены ілюстрацыі "Боскай камедыі", створаныя Сальвадорам Далі да святкавання 700-годдзя Дантэ Аліг'еры. Гэтыя ілюстрацыі — унікальная магчымасць пазнаёміцца з несмяротнай кнігай Дантэ", — падкрэслілі ў музеі.
Сто арыгінальных графічных работ паходзяць з прыватнай італьянскай калекцыі. Гравюры валодаюць колерам непераўзыдзенай якасці, максімальна набліжаюць графіку да жывапісу. Ілюстрацыі Далі "Боскай камедыі" прызнаныя лепшымі творамі мастака ў галіне кніжнай графікі і лепшымі ілюстрацыямі несмяротнай кнігі Дантэ. Каштоўным дадаткам выставы і калекцыі з'яўляецца тытульны ліст "Боскай камедыі" 1965 года выпуску з малюнкам шарыкавай ручкай і подпісам Сальвадора Далі.