МІНСК, 2 лют — Sputnik. Урачыстае адкрыццё персанальнай выставы беларускага мастака Валерыя Песіна "Дом" адбылося напярэдадні ў мастацкай галерэі "Арцель".
Творчасць мастака прадстаўлена прыкладна 40 палотнамі, створанымі на працягу 10 гадоў, якія аб'ядноўвае канцэпцыя дому — не будынка, але абстрактнай кропкі ў прасторы.
"Дом — гэта тое месца, дзе ты адчуваеш сябе на сваім месцы. Ёсць такое пачуццё, што ты тут знаходзішся, і гэта правільна, гэта не выклікае сумненняў", — так вызначыў канцэпцыю выставы Валерый Песін.
І на самай справе, карціны вельмі розныя, але ў той жа час ва ўсіх іх адчуваецца характар мастака. У нечым лаканічныя, палотны тым не менш размаўляюць з гледачом, і там, дзе спачатку адчуваеш недагаворанасць, адгукаецца нешта вельмі асабістае.
"Карціны Валерыя вельмі пазнавальныя і характэрныя. Для яго важны намёк, то бок мастак не спрабуе распавесці ад і да ў сваім палатне ідэю, якую ён закладвае. І сярод гэтых намёкаў складваюцца сапраўдныя суцэльныя творы", — сказала куратар выставы Наталля Сяліцкая.
Адкрыццё экспазіцыі наведаў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які яшчэ раз павіншаваў Валерыя Песіна з тым, што крыху больш за месяц таму той стаў членам саюза.
"Гэта вельмі хораша і паказальна, а мабыць і знакава, бо ў нашай арганізацыі ўжываюцца вельмі мірна і хораша людзі з абсалютна дыаметральна супрацьлеглымі поглядамі на рэчаіснасць і на тое, што называецца мастацтвам – ад самых артадаксальных адэптаў рэалістычнага жывапісу да самых-самых… артадаксальных таксама, бо і там ёсць, і на другім полюсе ёсць артадоксы, таго, што называе сябе актуальным мастацтвам, што вельмі недакладна, бо актуальнае, гэта тое, што запатрабавана ўсімі і сёння і заўсёды", — сказаў Рыгор Сітніца.
Старшыня Саюза мастакоў таксама дадаў, што вельмі рады, што Валерыя Песіна прынялі ў саюз, нягледзячы на тое, што ён нібыта не адпавядае патрабаванням для гэтага: "Таму што калі мы глянем на гісторыю мастацтва хаця б перыяду ХХ стагоддзя, то мы ўбачым, што тыя, хто не адпавядаў, акурат і замацаваліся ў мастацтве тым, што яны не адпавядалі".
"Мастацтва — гэта нефармат. Там, дзе фарматнае мастацтва, можна не разважаць увогуле пра гэтую з'яву", — дадаў Рыгор Сітніца.
Яму нават прыйшлося папрасіць гасцей быць цішэй — публіка ўжо пачала абмяркоўваць карціны і актыўна фатаграфаваць іх і рабіць сэлфі з палотнамі.
У холе, які вядзе ў залы, размясціўся джаз-бэнд, пад музыку якога госці пераходзілі ад карціны да карціны, адзначаючы, як цёпла і кранальна намаляваныя на іх самотнае вогнішча ў снежнай пустэчы, ваўчок, які спіць у жоўтым лісце, або маленькі спалоханы сабачка.
Інтэрв'ю з Валерыем Песіным чакайце ў бліжэйшых публікацыях Sputnik.