МІНСК, 5 лют — Sputnik. Славуты джазавы скрыпач Адам Балдых выступіць са сваім гуртом у Беларускай дзяржаўнай філармоніі 7 лютага.
Новы праект Адама Балдыха, музыканта і кампазітара, які ён прадставіць у рамках "Джазавых вечароў" на сцэне Белдзяржфілармоніі, аб'ядноўвае джаз, сучасную музыку і індзі-рок. Такое змешванне стыляў робіць гучанне Adam Baldych Sextet унікальным і запамінальным.
Арганізатарамі канцэрта з'яўляюцца Беларуская дзяржаўная філармонія і Польскі Інстытут у Мінску.
Адам Балдых — выпускнік Акадэміі музыкі ў Катавіцэ (Польшча) і Berklee College of Music (ЗША). Гастраляваць пачаў у 16 гадоў і разам з выдатнымі польскімі і замежнымі музыкамі пабываў у Польшчы, Германіі, Сербіі, Інданэзіі, Венгрыі, Іспаніі, Францыі, Англіі і ЗША. Запісаў тры альбомы: "Imaginary Room" (2012), "The New Tradition" (2014) і Adam Bałdych & Helge Lien Trio "Bridges" (2015, Джазавы альбом года ў Польшчы). Лаўрэат "ECHO Jazz-2013", Гран-пры "Jazz Melomani" — Музыкант года (2012); намінант на прэмію FRYDERYK 2013, 2015 і 2016 у катэгорыі Музыкант года (джазавая музыка); "Лепшы джазавы скрыпач" Польшчы па апытанні чытачоў часопіса "Джаз-форум" нязменна з 2012 па 2016 год.
Супрацоўнічаў і выступаў на сцэне з вядомымі ва ўсім свеце джазменамі, сярод якіх Ларс Дэниелсан, П'ер Блэнчард, Royal String Quartet, Нільс Ландгрэн, Рэнэ Ван Хельсдынген, Джэры Гудман і іншыя.
У 2016 годзе Адам Балдых быў узнагароджаны "Залатым крыжам заслугі" прэзідэнта Рэспублікі Польшча, а таксама ганаровай узнагародай Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны РП "За заслугі перад польскай культурай".
У Белдзяржфілармоніі Адам Балдых выступіць са знакамітымі прадстаўнікамі польскага джаза: Кшыштафам Дысам (фартэпіяна), Міхалам Бараньскі (кантрабас), Мацвеем Каціньскі (саксафон, кларнет), Шымонам Мікам (гітара), Давідам Фартунам (ударныя).