МІНСК, 6 лют — Sputnik. У бліжэйшы тыдзень слупок тэрмометра не паднімецца вышэй нулявой адзнакі, па рэспубліцы чакаюцца маразы — ад слабых да ўмераных, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
6 лютага, у аўторак, у многіх раёнах краіны чакаецца невялікі снег і завіруха. На дарогах захаваецца галалёдзіца. Начная тэмпература панізіцца да —6..-12°C, а пры праясненнях магчыма паніжэнне да —13..-18°С. Днём тэмпература будзе ў межах —4..-10°C, па заходняй частцы краіны —1..-3°C.
У сераду ноччу тэмпература паветра панізіцца да —7..-13°C (пры праясненнях да —15°C), у некаторых раёнах пройдуць снегапады.
У чацвер, 8 лютага, і ў пятніцу па ўсёй тэрыторыі краіны магчымы снег, месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Начная тэмпература паветра чакаецца ў межах ад —2°C па паўднёвым захадзе да —12°C па поўначы краіны (па Віцебскай вобласці пры праясненнях паветра астудзіцца да —15°C).