Раней гадзіннікі, альбо, як іх яшчэ называлі, зэгаркі, ствараліся як сапраўдныя творы мастацтва. Наведвальнікі музея змогуць убачыць экспанаты з Францыі, Англіі, Германіі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Яны розных памераў і тыпаў — камінныя, насценныя, падлогавыя і кішэнныя — і вельмі яскрава перадаюць эпоху, у якую былі створаныя.
Частка з іх патрапіла на выставу з прыватнай калекцыі, іншыя ўжо былі ў фондах музея. Самы старадаўні з прадстаўленых гадзіннікаў выраблены ў 30-я гады ХІХ стагоддзя на французскай фабрыцы Хонара Понса, які ў свой час быў адным з самых знакамітых вытворцаў — вырабляў не толькі карпусы гадзіннікаў, але і ўласныя механізмы.
Таксама на экспазіцыі госці змогуць пазнаёміцца з літаратурай Францыі, Англіі, Германіі, якую чыталі ў тыя часы. Гэта Льюс Кэрал з казкай "Алісіны прыгоды ў дзівоснай краіне", якая ўпершыню была выдадзена ў Англіі ў 1865 годзе, творы Джорджа Байрана, Віктора Гюго і Анарэ дэ Бальзака. Старадаўнія выданні — дадатковы штрых, што дапаможа акунуцца ў атмасферу таго часу. Убачыць антыкварныя экспанаты можна да 16 красавіка.