МІНСК, 15 лют — Sputnik. Вядомы калекцыянер і мастацтвазнаўца Георгій Хацанкоў падарыў беларусам некалькі мастацкіх твораў знакамітых землякоў. Урачыстая цырымонія перадачы адбылася напярэдадні ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Кандыдат гістарычных навук Георгій Хацанкоў нарадзіўся ў Беларусі, а вучыўся ў Расіі. Збіральніцтвам ён заняўся ў 1980-х гадах і праз некаторы час разам са сваёй жонкай Таццянай заснаваў галерэю "MC Fine Arts" у Манака. Сёння там захоўваецца больш за 5 тыс. твораў мастацтва ад 500 мастакоў.
"Апошнімі гадамі, дзякуючы кіраўніцтву, у нашай дзяржаве зроблена шмат, але вельмі важным элементам з'яўляецца вяртанне тых каштоўнасцяў, якія па розных прычынах — гістарычных, палітычных, фінансавых — апынуліся па-за межамі Беларусі. У гэтым годзе прэзідэнт даў даручэнне нашым пасольствам актывізаваць працу па вяртаніі культурных каштоўнасцяў на радзіму. За гэтае пытанне адказвае спецыяльная камісія вяртання, але вельмі важна напоўніць гэтую працу канкрэтным зместам", — падкрэсліў пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка.
Па яго словах, прыклад вяртання твораў выбітных беларускіх мастакоў паказвае, што беларусы, якія нарадзіліся ў нашай краіне, не страцілі сувязі са сваёй бацькаўшчынай.
"Для Нацыянальнага мастацкага музея вельмі важна ствараць калекцыі самых лепшых прадстаўнікоў беларускай культуры, бо пройдуць гады, і тады, калі мы будзем паказваць выставы тым, хто будзе жыць пасля нас, будзе важна паказаць ім усё, што было зроблена раней", — дадаў Латушка.
У ліку работ, якія цяпер будуць захоўвацца ў беларускай сталіцы — творы народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава, скульптара Галіны Гаравой і жывапісца Аляксея Марачкіна.
Каб убачыць экспазіцыю, якую спецыялісты назвалі "Дары музею", у наведвальнікаў Нацыянальнага мастацкага музея ёсць толькі чатыры дні — да 18 лютага. Пасля гэтага экспанаты адправяць на вывучэнне, атрыбуцыю і пры неабходнасці — на рэстаўрацыю.