МІНСК, 20 лют — Sputnik. Беларускія біятланісты Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Сяргей Бачарнікаў і Уладзімір Чапелін занялі пятае месца ў змешанай эстафеце на Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане, паведамляе Sputnik.
У аўторак, 20 лютага, у біятлонным цэнтры "Альпензія" адбылася змешаная эстафета. Зборная Францыі ў складзе Мары Дарэн-Абер, Анаі Бяскон, Сымона Дэсцье і Мартэна Фуркада пераадолела дыстанцыю з чатырма промахамі на васьмі агнявых рубяжах за 1 гадзіну 8 хвілін 34,3 секунды. Другая ступень п'едэстала дасталася нарвежскай камандзе, якая складаецца з Марце Олсбу, Тырыль Экхоф, Ёханэса Бё і Эміля Хегле Свендсэна (адзін штрафны круг + 11 промахаў; 20,9 секунды). Бронзу Алімпіяды 2018 заваявалі італьянцы Ліза Вітоцы, Даратэя Вірэр, Лукас Хофэр і Дамінік Віндзіш (сем промахаў; 26,9 секунды).
Беларусы прыйшлі да фінішу пятымі, адстаўшы ад лідара на 55,5 секунды (3 промахі). Гэты вынік стаў лепшым за ўсю гісторыю выступлення беларускай каманды ў змешаных эстафетах на Гульнях.