Выстава сучаснага чэшскага шкла адкрыецца ў Верхнім горадзе Мінска

© PixabayШкляная кветка (архіўнае фота)
Шкляная кветка (архіўнае фота) - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Мастак Петр Стаха ўпершыню разам са сваімі працамі прадстаўляе творы сваіх выпускнікоў - Матоўша Волака і Дзмітрыя Цыбенка.

МІНСК, 21 лют – Sputnik. Адкрыццё выставы сучаснага чэшскага шкла "Колер святла: Петр Стаха і яго вучні" адбудзецца ў Арт-гасцёўні "Высокае мѣста", паведамілі Sputnik арганізатары.

Чэшскае шкло стала своеасаблівым "брэндам" краіны дзесяцігоддзі таму, аднак беларусам амаль нічога не вядома пра сучаснае мастацкае шкло. Папоўніць прабелы ў ведах і пазнаёміць мінчан і гасцей сталіцы з сучасным мастацтвам Чэхіі прызначана выстава "Колер святла: Петр Стаха і яго вучні", якая ладзіцца ў Мінску пры падтрымцы Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Фарфоравы посуд - Sputnik Беларусь
Аўтарскі фарфор Аляксандры Баўтрук пакажуць на выставе ў Гістарычным музеі

"Чэшская літая скульптура са шкла мае цікавую гісторыю і багатыя традыцыі, у фарміраванні якіх значную ролю адыграў сямейны і творчы дуэт Станіслава Лібенскага і Яраславы Брыхтавай. Шліфаваныя масівы літых блокаў іх аўтарства 1940-1960 гг. увайшлі ў гісторыю студыйнай шкловытворчасці", — расказалі арганізатары.

Традыцыі чэшскай скульптуры са шкла сёння працягвае вядомы мастак — Петр Стаха.

"У сваіх дзіўных творах ён натхняецца матывамі прыродных формаў і стыхій. Майстра займаюць пошукі каляровых нюансаў шкломасы і адточванне эфектаў апрацоўкі паверхняў, дзе сама прырода матэрыялу дапамагае адкрыццю ўсё новых аптычных з'яў", — расказалі ў гасцёўні.

У 1988-1994 гг. мастак вывучаў дызайн шкла ў Акадэміі мастацтваў, архітэктуры і дызайну ў Празе, пад кіраўніцтвам прафесара Яраслава Свабоды і прафесара Уладзіміра Капецкага. Выкладчыцкай дзейнасці Пятра Стаха ў Сярэдняй мастацка-прамысловай школе шкляной вытворчасці ў мінулым годзе споўнілася 10 гадоў. Гэта школа з'яўляецца адной з самых ранніх шкляных школ у свеце. У ёй мастак вучыўся сам, а пазней падрыхтаваў маладое пакаленне шкляных майстроў, дызайнераў і мастакоў.

Петр Стаха ўпершыню разам са сваімі працамі прадстаўляе творы сваіх выпускнікоў — Матоўша Волака і Дзмітрыя Цыбенка.

"Працы гэтых майстроў пазнаёмяць наведвальнікаў выставы з новымі тэндэнцыямі, кантэкстамі і формамі, якія адлюстроўваюць мысленне самага маладога пакалення мастакоў па шкле Цэнтральнай Еўропы", — расказалі ў гасцёўні.

Куратары праекта — Алена Златкавіч і Павел Вайніцкі.

Дзе: Арт-гасцёўня "Высокае мѣста" (г. Мінск, вул. Герцэна, 2а (уваход з Музычнага завулка).

Калі: 28 лютага а 18:00, час працы: 28 лютага – 1 красавіка, серада — нядзеля, 11:00 — 19:00.

Кошт квітка: дарослы — 3 руб., студэнцкі — 2 руб., дзіцячы — 1,5 руб.

Стужка навiн
0