МІНСК, 21 лют — Sputnik. Прэзентацыя відэаролікаў, на якіх дыпламаты чытаюць творы Якуба Коласа і Пімена Панчанкі адбылася ў Дзень роднай мовы 21 лютага. Раней да флэш-мобу ў рамках праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" далучыліся іх калегі з іншых замежных місій і таксама прачыталі беларускія творы.
Дыпламаты — удзельнікі флэшмоба прызналіся, што праект "Чытаем па-беларуску з velcom" важны для папулярызацыі беларускай культуры, неад'емная частка якой — нацыянальная мова. Кожны з паслоў абраў твор, які дэманструе паэтычнасць беларускай мовы, таму што вершы — універсальная форма, здольная коратка і арганічна раскрыць змест, перадаць настрой, намаляваць характар і выказаць пачуцці.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі, спадар Віярэл Машану, прачытаў верш Якуба Коласа "Надыход зiмы".
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль Алан Шогам абраў іншы твор Якуба Коласа – "Многа слаўненькiх куточкаў…". Дыпламат таксама перавёў паэтычныя радкі на іўрыт.
Спадарыня Фіёна Гіб, кіраўнік пасольства Злучанага Каралеўства Велікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, прачытала верш Пімена Панчанкі "Мала сказаць: ненавiджу…".
На пачатку зімы вершы беларускіх аўтараў ужо прачыталі прадстаўнікі дыпмісій Швецыі, Славакіі, Чэхіі, Фінляндыі, Кыргызстана, Італіі, ЗША, Рэспублікі Карэя і Украіны. Таксама да праекту далучыліся студэнты ўсіх факультэтаў Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта, якія запісалі відэа з чытаннем беларускіх твораў.
Паэтычны флэшмоб праводзіцца ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў сярод вучняў 7 і 8 класаў "Чытаем па-беларуску з velcom". Удзельнікі конкурсу з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа з чытаннем твораў са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. З лютага па красавік пройдуць рэгіянальныя фіналы конкурсу, на якіх пераможцы першага этапу выступаюць перад журы. Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў маі.