МІНСК, 21 лют — Sputnik. Беларускія навукоўцы падрыхтавалі юбілейнае выданне "Псалтыра" ў перакладзе на сучасную беларускую літаратурную мову, выданне прэзентавалі сёння ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук.
Новае выданне — вынік працы доктара філалагічных навук Мікалая Прыгодзіча, магістра тэалогіі Уладзіслава Завальнюка і настаўніка-беларусаведа Валянціны Раманцэвіч. Па словах удзельнікаў творчага калектыва, "душой і натхніцелем" праекта стаў менавіта ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк.
Як расказала Раманцэвіч, у юбілейным выданні ўпершыню прыводзіцца поўны тэкст песнапеваў цара Давіда. Таксама надрукавана прадмова Францыска Скарыны да Псалтыра 1517 года, звесткі пра цара Давіда і адлюстраванне яго як прарока.
Па словах стваральнікаў, выданне адрасавана вернікам розных канфесій і рэлігійных плыняў, святарам, навукоўцам, выкладчыкам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй рэлігіі і царквы Беларусі. Гэты праект стаў спробай аб'яднання Праваслаўный Царквы і Каталіцкага Касцёла, якія выкарыстоўваюць кожны сваю мову.
"Падрыхтаваны Псалтыр — крок да паяднання перакладчыцкіх калектываў для выпрацоўкі і выкарыстання ў хрысціянскім набажэнстве адзіных лексічных, правапісных і марфалагічных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы", — падкрэсліваюць навукоўцы.