https://bel.sputnik.by/20180223/gistarychny-slounik-belaruskaj-movy-prezentaciya-1033847017.html
Якія таямніцы схаваныя ў Гістарычным слоўніку беларускай мовы
Якія таямніцы схаваныя ў Гістарычным слоўніку беларускай мовы
Sputnik Беларусь
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа зазірнулі ў свет старадаўняй беларускай мовы, пазнаёміліся са старажытнымі тэкстамі і нават... 23.02.2018, Sputnik Беларусь
2018-02-23T14:58+0300
2018-02-23T14:58+0300
2018-02-23T18:02+0300
рэпартаж
у беларусі
беларусь
мінск
ігар капылоў
аляксандр лукашанец
наталля паляшчук
ірына будзько
дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей якуба коласа
гістарычны слоўнік беларускай мовы
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/103384/69/1033846910_0:126:2500:1540_1920x0_80_0_0_ae167461301dd470cd17b92889ebe234.jpg
Гістарычны слоўнік беларускай мовы, з нагоды прэзентацыі якога ў музеі сабраліся знакамітыя беларускія філолагі і зацікаўленыя ў вывучанні беларускай мовы слухачы, налічвае 37 тамоў, і яго можна назваць унікальнай з’явай ва ўсім славянскім свеце. "Значнасць гэтага слоўніка вельмі вялікая менавіта для нас, таму што гэты слоўнік адлюстроўвае лексіку пісьмовых помнікаў, напісаных на старабеларускай мове ў перыяд XIV — XVIII стагоддзяў. У гэты слоўнік уключана больш за 75 тысяч слоў. А гэта гаворыць пра тое, як і выданне Францыска Скарыны, што 500 гадоў назад наша мова была на высокім узроўні свайго развіцця. Яна развівалася ў агульнаеўрапейскім культурным рэчышчы і ўвабрала ў сябе культурныя здабыткі самога беларускага народа, адлюстравала шматлікія сувязі з іншымі народамі свету, блізкімі і далёкімі, таму што ўсё захоўваецца ў самой мове", — падкрэсліў акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар філалагічных навук прафесар Аляксандр Лукашанец. Ён адзначыў, што наша мова, нягледзячы на складанасць свайго гістарычнага развіцця і ўсе цяжкасці яе існавання ў нашым сучасным грамадстве як сродку зносін, займае дастойнае месца на моўнай карце свету, а дакладней 69-е месца ў свеце сярод моў па колькасці носьбітаў. У цяперашні час існуе каля 3,5 тысяч моў і з іх каля 400 высокаразвітых літаратурных пісьмовых. Беларуская мова, па словах прафесара, займае значнае месца і па афіцыйным статусе. Яна з’яўляецца дзяржаўнай мовай у Беларусі, рэгіянальнай мовай у Польшчы, мовай нацыянальных меньшасцяў ва Украіне і ў Чэхіі. Аляксандр Лукашанец звярнуў увагу, што, нягледзячы на абмежаванае выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйных сферах ужытку, яна пашыраецца ў новыя, актуальныя для жыцця сучаснага беларускага грамадства сферы: выкарыстоўваецца ў набажэнстве і нядрэнна адчувае сябе ў інтэрнэт-прасторы, тым больш што, па даследваннях навукоўцаў, толькі 3,6% моў свету выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце.Дарэчы, беларуская мова ўжываецца не толькі на афіцыйных сайтах і парталах, але часцей за ўсё ў тых сегментах інтэрнэту, дзе выкарыстанне мовы нікім не рэгулюецца, і гэта сведчыць пра тое, што яна рэальна запатрабавана як сродак зносін. Аляксандр Лукашанец успомніў: нядаўна была інфармацыя, што беларуская "Вікіпедыя" па колькасці артыкулаў, якія там змешчаны, займае 59-е месца сярод усіх нацыянальных "Вікіпедый", і падкрэсліў, што зараз становіцца прэстыжна валодаць беларускай мовай. "А карані ўсяго гэтага ляжаць у той глыбокай гісторыі, калі наша беларуская мова была афіцыйнай мовай буйнейшай сярэднявяковай дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае, мовай, на якой фактычна была створана першая еўрапейская канстытуцыя, Статут Вялікага Княства Літоўскага, мовай, якая была другой славянскай мовай, на якой было надрукавана Святое Пісанне, Біблія Францыска Скарыны, і чацвёртай еўрапейскай мовай, на якой была надрукавана Біблія, пасля чэшскай, нямецкай і італьянскай, і мы маем права, мы можам і мы павінны гэтым ганарыцца сёння і падтрымліваць нашы нацыянальныя прыарытэты, таму што беларуская мова з’яўляецца сёння адным з важнейшых атрыбутаў нашай дзяржавы", — падагульніў Аляксандр Лукашанец.Пасля слова ўзяў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў.Ігар Капылоў узначальвае інстытут толькі 2 гады, але ён адзначыў, што ў такой важнай і складанай працы, як выданне слоўніка, пераемнасць даследчыкаў захоўвалася. Сама ідэя слоўніка, па яго словах, узнікла 90 гадоў таму, у 1927 годзе, але працу над ім пачалі толькі ў 1957, і ў мінулым 2017 годзе праца была нарэшце завершаная. Нягледзячы на тое, што інстытут падрыхтаваў шмат выданняў, некаторыя з іх нават атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР, Ігар Капылоў лічыць гістарычны слоўнік адметным і незвычайным, таму што гэта адзін слоўнік, які ўбірае ў сябе гісторыю беларусаў."Унікальнасць гэтай працы таксама ў тым, што асновай слоўніка паслужыла картатэка, якая налічвае больш за мільён картак. У аснову слоўніка было пакладзена прыкладна 150 рукапісных і друкаваных кніг і рукапісаў", – паведаміў Ігар Капылоў. Папярэднім даследчыкам даводзілася ездзіць у Кракаў, Варшаву, Санкт-Пецярбург і Маскву і па частках збіраць да яго матэрыял, рабіць копіі. Сучаснай тэхнікі тады не было, і ўсё рабілася ўручную з дыяфільмаў: трэба было расчытаць тэкст, зрабіць карткі, растлумачыць значэнне слоў. "Гэты слоўнік мае вялікае значэнне для нашай нацыі, для нашага народу, мы сёння знаходзімся на важным этапе пабудовы дзяржавы, пошуках, выпрацоўцы нацыянальнай ідэі. Не трэба далёка шукаць: канешне, ёсць спецыфіка, мы – той народ, тая нацыя, якая знаходзіцца паміж Усходам і Захадам, і нікуда нам не падзецца ад таго, як нам Богам наканавана, але трэба заставацца самімі сабою, і ў гэтым ёсць наша нацыянальная ідэя", — падкрэсліў дырэктар Інстытута мовазнаўства.Слоўнік, па яго меркаванні, адлюстроўвае менавіта пазіцыю паміж Усходам і Захадам і што беларусаў паважалі ва ўсім свеце: афіцыйныя лісты з іншых дзяржаў, накіраваныя ў ВКЛ, таксама пісаліся на старабеларускай мове. "Гэты слоўнік – тая платформа, якая дазваляе нам усвядоміць сябе старажытнай еўрапейскай нацыяй, старажытным еўрапейскім народам са старажытнай, самабытнай і прыгожай еўрапейскай мовай, якую мы павінны паважаць, любіць, берагчы і перадаваць з пакалення ў пакаленне, — сказаў на заканчэнне Ігар Капылоў.Словы, з якіх складаецца слоўнік, зафіксаваныя ў граматах, дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, воінскіх і рыцарскіх раманах і аповесцях, мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах. Гістарычны слоўнік дапамагае зразумець сэнс напісанага ў старажытных тэкстах, таму што без дакладнага ведання значэння слова часам вельмі складана прачытаць літаратурныя помнікі мінулых стагоддзяў. Пра гэта расказала загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Наталля Паляшчук.Па яе словах, Гістарычны слоўнік беларускай мовы — адзіны слоўнік у свеце, дзе ў такой колькасці прадстаўлены словы старабеларускай літаратурнай пісьмовай мовы. Падрыхтоўчая работа да выдання слоўніка вялася 12 гадоў: былі вызначаныя храналагічныя межы, крыніцы слоўніка, створана картатэка. Кожнае слова было напісана на асобную картку з указаннем крыніцы і старонкі. Гістарычны слоўнік мае вялікае значэнне для вывучэння гісторыі перыяду XIV — XVIII стагоддзяў і для этнографаў, дыялектолагаў, для анамастыкі. Але не толькі навукоўцы могуць ім карыстацца. У слоўніку кожны можа знайсці шмат цікавага для сябе, напрыклад, даведацца па карані прозвішча, кім былі яго продкі, напрыклад, па сацыяльным становішчы, родзе заняткаў, па роднасці і сваяцтве, паводле пачуццяў і эмацыянальнага стану, статусу ў грамадстве і стасункаў з іншымі людзьмі. Таксама ў выданні можна знайсці словы, якія сёння не ужываюцца або маюць іншае значэнне, а таксама даведацца, калі ўпершыню было зафіксавана тое ці іншае слова. Акрамя таго, гістарычны слоўнік пацвярджае або абвяргае аргументы на карысць ужывання або неўжывання таго ці іншага слова. Між іншым, часам словы з гістарычнага слоўніка трапляюць у сучасную беларускую мову, напрыклад лістоўня – "ёмішча для захавання лістоў" ці раскошнік – "чалавек, схільны да раскошнага жыцця". "Наш слоўнік дапамагае людзям, якія не маюць спецыяльнай гісторыка-лінгвістычнай адукацыі, лепш разумець творы на гістарычную тэматыку і, канешне, чытаць гістарычныя крыніцы", — сказала на заканчэнне Наталля Паляшчук. Наведвальнікам музея давялося на практыцы даведацца пра зручнасць слоўніка: ім былі прапанаваныя тры тэксты, і расчытаць старажытныя помнікі дапамагла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, загадчыца кафедры беларускай і рускай моў БНТУ Ірына Будзько.Першай кнігай беларусаў лічыцца Полацкае Евангелле ХІІ – пачатку ХІІІ стагоддзя. Яно напісана не на старабеларускай мове, а на царкоўнаславянскай у беларускай рэдакцыі, але беларуская пісьменнасць увогуле была створаная на падмурку Кірыла-Мяфодзіеўскай традыцыі. Аматары гісторыі сцвярджаюць, што ў яго стварэнні ўдзельнічала сама Ефрасіння Полацкая, аде дакладных сведчанняў гэтага няма. Арыгінал Евангелля захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына.У старажытнасці кнігі перапісвалі ў манастырскіх скрыпторыях, але кніг было вельмі мала і не кожны перапісчык меў перад сабой арыгінал. "Перапісчыкі сядзелі за асобнымі месцамі, а ў цэнтры стаяў дыктар, які дыктаваў ім па ўзорным тэксце, і тыя пісалі тое, што яны чулі. І вельмі часта родная гаворка збівала тое, што яны чулі, і пакрысе рысы беларускага маўлення пранікалі ў гэтыя старажытныя тэксты", — паведаміла Ірына Будзько.Гэтых апісак вельмі мала, але па ім можна вызначыць месца стварэння тэкста.Нават пасля заканчэння мерапрыемства ў наведвальнікаў не скончыліся пытанні, што сведчыць пра вялікую цікавасць да старажытнай спадчыны і беларускай мовы. У далейшым сустрэчы, прысвечаныя беларускай мове, працягнуцца зноў у Доме-музеі І з’езду РСДРП.
беларусь
мінск
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
2018
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
Навіны
ru_BY
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/103384/69/1033846910_0:47:2500:1619_1920x0_80_0_0_58ee98843c6fe13d46bdc3dac7a18672.jpgSputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
рэпартаж, у беларусі, беларусь, мінск, ігар капылоў, аляксандр лукашанец, наталля паляшчук, ірына будзько, дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей якуба коласа, гістарычны слоўнік беларускай мовы, вучым беларускую мову
рэпартаж, у беларусі, беларусь, мінск, ігар капылоў, аляксандр лукашанец, наталля паляшчук, ірына будзько, дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей якуба коласа, гістарычны слоўнік беларускай мовы, вучым беларускую мову
Гістарычны слоўнік беларускай мовы, з нагоды прэзентацыі якога ў музеі сабраліся знакамітыя беларускія філолагі і зацікаўленыя ў вывучанні беларускай мовы слухачы, налічвае 37 тамоў, і яго можна назваць унікальнай з’явай ва ўсім славянскім свеце.
"Значнасць гэтага слоўніка вельмі вялікая менавіта для нас, таму што гэты слоўнік адлюстроўвае лексіку пісьмовых помнікаў, напісаных на старабеларускай мове ў перыяд XIV — XVIII стагоддзяў. У гэты слоўнік уключана больш за 75 тысяч слоў. А гэта гаворыць пра тое, як і выданне Францыска Скарыны, што 500 гадоў назад наша мова была на высокім узроўні свайго развіцця. Яна развівалася ў агульнаеўрапейскім культурным рэчышчы і ўвабрала ў сябе культурныя здабыткі самога беларускага народа, адлюстравала шматлікія сувязі з іншымі народамі свету, блізкімі і далёкімі, таму што ўсё захоўваецца ў самой мове", — падкрэсліў акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар філалагічных навук прафесар Аляксандр Лукашанец.
Ён адзначыў, што наша мова, нягледзячы на складанасць свайго гістарычнага развіцця і ўсе цяжкасці яе існавання ў нашым сучасным грамадстве як сродку зносін, займае дастойнае месца на моўнай карце свету, а дакладней 69-е месца ў свеце сярод моў па колькасці носьбітаў. У цяперашні час існуе каля 3,5 тысяч моў і з іх каля 400 высокаразвітых літаратурных пісьмовых.
Беларуская мова, па словах прафесара, займае значнае месца і па афіцыйным статусе. Яна з’яўляецца дзяржаўнай мовай у Беларусі, рэгіянальнай мовай у Польшчы, мовай нацыянальных меньшасцяў ва Украіне і ў Чэхіі.
Аляксандр Лукашанец звярнуў увагу, што, нягледзячы на абмежаванае выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйных сферах ужытку, яна пашыраецца ў новыя, актуальныя для жыцця сучаснага беларускага грамадства сферы: выкарыстоўваецца ў набажэнстве і нядрэнна адчувае сябе ў інтэрнэт-прасторы, тым больш што, па даследваннях навукоўцаў, толькі 3,6% моў свету выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце.
Дарэчы, беларуская мова ўжываецца не толькі на афіцыйных сайтах і парталах, але часцей за ўсё ў тых сегментах інтэрнэту, дзе выкарыстанне мовы нікім не рэгулюецца, і гэта сведчыць пра тое, што яна рэальна запатрабавана як сродак зносін. Аляксандр Лукашанец успомніў: нядаўна была інфармацыя, што беларуская "Вікіпедыя" па колькасці артыкулаў, якія там змешчаны, займае 59-е месца сярод усіх нацыянальных "Вікіпедый", і падкрэсліў, што зараз становіцца прэстыжна валодаць беларускай мовай.
"А карані ўсяго гэтага ляжаць у той глыбокай гісторыі, калі наша беларуская мова была афіцыйнай мовай буйнейшай сярэднявяковай дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае, мовай, на якой фактычна была створана першая еўрапейская канстытуцыя, Статут Вялікага Княства Літоўскага, мовай, якая была другой славянскай мовай, на якой было надрукавана Святое Пісанне, Біблія Францыска Скарыны, і чацвёртай еўрапейскай мовай, на якой была надрукавана Біблія, пасля чэшскай, нямецкай і італьянскай, і мы маем права, мы можам і мы павінны гэтым ганарыцца сёння і падтрымліваць нашы нацыянальныя прыарытэты, таму што беларуская мова з’яўляецца сёння адным з важнейшых атрыбутаў нашай дзяржавы", — падагульніў Аляксандр Лукашанец.
Пасля слова ўзяў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў.
Ігар Капылоў узначальвае інстытут толькі 2 гады, але ён адзначыў, што ў такой важнай і складанай працы, як выданне слоўніка, пераемнасць даследчыкаў захоўвалася. Сама ідэя слоўніка, па яго словах, узнікла 90 гадоў таму, у 1927 годзе, але працу над ім пачалі толькі ў 1957, і ў мінулым 2017 годзе праца была нарэшце завершаная. Нягледзячы на тое, што інстытут падрыхтаваў шмат выданняў, некаторыя з іх нават атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР, Ігар Капылоў лічыць гістарычны слоўнік адметным і незвычайным, таму што гэта адзін слоўнік, які ўбірае ў сябе гісторыю беларусаў.
"Унікальнасць гэтай працы таксама ў тым, што асновай слоўніка паслужыла картатэка, якая налічвае больш за мільён картак. У аснову слоўніка было пакладзена прыкладна 150 рукапісных і друкаваных кніг і рукапісаў", – паведаміў Ігар Капылоў.
Папярэднім даследчыкам даводзілася ездзіць у Кракаў, Варшаву, Санкт-Пецярбург і Маскву і па частках збіраць да яго матэрыял, рабіць копіі. Сучаснай тэхнікі тады не было, і ўсё рабілася ўручную з дыяфільмаў: трэба было расчытаць тэкст, зрабіць карткі, растлумачыць значэнне слоў.
"Гэты слоўнік мае вялікае значэнне для нашай нацыі, для нашага народу, мы сёння знаходзімся на важным этапе пабудовы дзяржавы, пошуках, выпрацоўцы нацыянальнай ідэі. Не трэба далёка шукаць: канешне, ёсць спецыфіка, мы – той народ, тая нацыя, якая знаходзіцца паміж Усходам і Захадам, і нікуда нам не падзецца ад таго, як нам Богам наканавана, але трэба заставацца самімі сабою, і ў гэтым ёсць наша нацыянальная ідэя", — падкрэсліў дырэктар Інстытута мовазнаўства.
Слоўнік, па яго меркаванні, адлюстроўвае менавіта пазіцыю паміж Усходам і Захадам і што беларусаў паважалі ва ўсім свеце: афіцыйныя лісты з іншых дзяржаў, накіраваныя ў ВКЛ, таксама пісаліся на старабеларускай мове.
"Гэты слоўнік – тая платформа, якая дазваляе нам усвядоміць сябе старажытнай еўрапейскай нацыяй, старажытным еўрапейскім народам са старажытнай, самабытнай і прыгожай еўрапейскай мовай, якую мы павінны паважаць, любіць, берагчы і перадаваць з пакалення ў пакаленне, — сказаў на заканчэнне Ігар Капылоў.
Словы, з якіх складаецца слоўнік, зафіксаваныя ў граматах, дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, воінскіх і рыцарскіх раманах і аповесцях, мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах.
Гістарычны слоўнік дапамагае зразумець сэнс напісанага ў старажытных тэкстах, таму што без дакладнага ведання значэння слова часам вельмі складана прачытаць літаратурныя помнікі мінулых стагоддзяў. Пра гэта расказала загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Наталля Паляшчук.
Па яе словах, Гістарычны слоўнік беларускай мовы — адзіны слоўнік у свеце, дзе ў такой колькасці прадстаўлены словы старабеларускай літаратурнай пісьмовай мовы. Падрыхтоўчая работа да выдання слоўніка вялася 12 гадоў: былі вызначаныя храналагічныя межы, крыніцы слоўніка, створана картатэка. Кожнае слова было напісана на асобную картку з указаннем крыніцы і старонкі.
Гістарычны слоўнік мае вялікае значэнне для вывучэння гісторыі перыяду XIV — XVIII стагоддзяў і для этнографаў, дыялектолагаў, для анамастыкі. Але не толькі навукоўцы могуць ім карыстацца. У слоўніку кожны можа знайсці шмат цікавага для сябе, напрыклад, даведацца па карані прозвішча, кім былі яго продкі, напрыклад, па сацыяльным становішчы, родзе заняткаў, па роднасці і сваяцтве, паводле пачуццяў і эмацыянальнага стану, статусу ў грамадстве і стасункаў з іншымі людзьмі.
Таксама ў выданні можна знайсці словы, якія сёння не ужываюцца або маюць іншае значэнне, а таксама даведацца, калі ўпершыню было зафіксавана тое ці іншае слова. Акрамя таго, гістарычны слоўнік пацвярджае або абвяргае аргументы на карысць ужывання або неўжывання таго ці іншага слова.
Між іншым, часам словы з гістарычнага слоўніка трапляюць у сучасную беларускую мову, напрыклад лістоўня – "ёмішча для захавання лістоў" ці раскошнік – "чалавек, схільны да раскошнага жыцця".
"Наш слоўнік дапамагае людзям, якія не маюць спецыяльнай гісторыка-лінгвістычнай адукацыі, лепш разумець творы на гістарычную тэматыку і, канешне, чытаць гістарычныя крыніцы", — сказала на заканчэнне Наталля Паляшчук.
Наведвальнікам музея давялося на практыцы даведацца пра зручнасць слоўніка: ім былі прапанаваныя тры тэксты, і расчытаць старажытныя помнікі дапамагла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, загадчыца кафедры беларускай і рускай моў БНТУ Ірына Будзько.
Першай кнігай беларусаў лічыцца Полацкае Евангелле ХІІ – пачатку ХІІІ стагоддзя. Яно напісана не на старабеларускай мове, а на царкоўнаславянскай у беларускай рэдакцыі, але беларуская пісьменнасць увогуле была створаная на падмурку Кірыла-Мяфодзіеўскай традыцыі. Аматары гісторыі сцвярджаюць, што ў яго стварэнні ўдзельнічала сама Ефрасіння Полацкая, аде дакладных сведчанняў гэтага няма. Арыгінал Евангелля захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына.
У старажытнасці кнігі перапісвалі ў манастырскіх скрыпторыях, але кніг было вельмі мала і не кожны перапісчык меў перад сабой арыгінал.
"Перапісчыкі сядзелі за асобнымі месцамі, а ў цэнтры стаяў дыктар, які дыктаваў ім па ўзорным тэксце, і тыя пісалі тое, што яны чулі. І вельмі часта родная гаворка збівала тое, што яны чулі, і пакрысе рысы беларускага маўлення пранікалі ў гэтыя старажытныя тэксты", — паведаміла Ірына Будзько.
Гэтых апісак вельмі мала, але па ім можна вызначыць месца стварэння тэкста.
Нават пасля заканчэння мерапрыемства ў наведвальнікаў не скончыліся пытанні, што сведчыць пра вялікую цікавасць да старажытнай спадчыны і беларускай мовы. У далейшым сустрэчы, прысвечаныя беларускай мове, працягнуцца зноў у Доме-музеі І з’езду РСДРП.