Выстава "Гіперсувязі" праходзіць у арт-гасцёўні "Высокае мѣста" ў Мінску. Гэта адно з падраздзяленняў Музея гісторыі горада Мінска, у якім за 2,5 года з моманту адкрыцця выстаўляліся працы як знакамітых мастакоў, так і пачынаючых творцаў.
"Мы выбралі гэту назву таму, што яна добра кладзецца на сучаснасць. Сэнс у тым, што яна паказвае сувязь сучаснасці з традыцыямі. Студэнты камбінуюць розныя гістарычныя тэкстыльныя тэхнікі, традыцыйныя, класічныя, з сучаснымі матэрыяламі, актуальнымі тэмамі. Уласна кажучы, гэта абагульняючая назва, абагульняючая тэма, поле для творчасці вельмі шырокае", — кажа пра выставу яе куратар, выкладчык БДАМ Хрысціна Высоцкая.
Выставачная прастора — два паверхі, дзве залы. У першай прадстаўлены тэатральны касцюм і адзенне прэт-а-партэ, у другой — карціны, габелены, скульптура. Творы на выставе далёка выходзяць за рамкі звыклых уяўленняў аб тэкстылі і ткацтве. Яны выкананы ў розных, у тым ліку аўтарскіх тэхніках і дэманструюць пераход ад традыцыйнага ткацтва да сучасных канцэптаў. Усе працы, прадстаўленыя на выставе, выкананы студэнтамі БДАМ.