МІНСК, 26 лют – Sputnik. Аўтограф-сесія Андруся Горвата з нагоды выхаду кнігі "Радзіва Прудок" адбудзецца на ХХV Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску, на стэндзе выдавецтва "Тэхналогія" 2 сакавіка.
"Радзіва Прудок" нарадзілася са "смешных і сумных інтымных тэкстаў", якія Горват публікаваў у сацсетках. Атрымалася кніга, поўная добрага гумару і трапных назіранняў мастацкага вока.
Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін лічыць з’яўленне "Радзіва Прудок" значнай падзеяй для беларускай літаратуры.
"Тое, што з'явіўся Горват — гэта цуд. Па-першае, я не чытаў нічога лепшага такога фармату ў беларускай літаратуры. Па-другое, у гэтай гісторыі ёсць шлях. Па-тряцяе, гэта не маніфест ці заклік, а звычайная гісторыя", — кажа ён.
Але кніга ўжо паспела не толькі набраць папулярнасць сярод чытачоў, але і выклікаць хвалю крытыкі. Некаторым падаецца, што для беларускай літаратуры прыспеў час вырвацца з традыцыйнай вясковай тэматыкі, а Горват упэўнена вяртае публіку да каранёў.
Андрусь Горват скончыў журфак БДУ, пэўны час працаваў у Мінску журналістам, а таксама дворнікам у Купалаўскім тэатры. Некалькі год таму ён вырашыў вярнуцца на радзіму бацькі ў вёску Прудок, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За гаспадаркай і прыгодамі Горвата назірае вёска і яго аўдыторыя ў Facebook.
ХХV Міжнародная кніжная выстава пройдзе 28 лютага – 4 сакавіка ў выставачным цэнтры "БелЭкспа" па адрасе праспект Пераможцаў, 14.