МІНСК, 1 сак – Sputnik. Урачыстае адкрыццё выставы сучаснага чэшскага шкла "Колер святла: Петр Стаха і яго вучні" адбылося ў Арт-гасцёўні "Высокае мѣста".
На выставе прадстаўлены літыя скульптуры аўтарства Петра Стахі і яго вучняў, Матоўша Волака і Дзмітрыя Цыбенкі. Прывезці шматкілаграмовыя скульптуры ў Беларусь стала магчыма дзякуючы Пасольству Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
Вырабы са шкла штодзённа суправаджаюць жыццё кожнага чалавека — пачынаючы з будынкаў, посуду і заканчваючы скульптурай і ўпрыгожваннямі.
Ужо шмат дзесяцігоддзяў таму мастацкія вырабы са шкла сталі "брэндам" Чэшскай рэспублікі, і сучасныя мастакі вельмі прасунуліся ў працы з гэтым матэрыялам, вядомым чалавецтву яшчэ з глыбокай старажытнасці. У станаўленні мастацтва літой скульптуры са шкла значную ролю адыгралі скульптары Станіслаў Лібенскі і Яраслава Брыхтавая, якія працавалі ў 40-х – 60-х гадах мінулага стагоддзя. Традыцыі літой скульптуры сёння працягвае мастак і педагог Петр Стаха.
У сваёй творчасці мастак імкнецца перадаць тонкае пераліванне фарбаў, каляровыя нюансы, якія дасягаюцца выключна апрацоўкай шкломасы. Пад рознымі вугламі літая скульптура адкрывае ўсё новыя грані і аптычныя эфекты.
Для мастака скульптура – у першаю чаргу передача пачуццяў, эмоцый, адлюстраванне нейкіх прыродных формаў.
Петр Стаха вывучаў дызайн шкла ў Акадэміі мастацтваў, архітэктуры і дызайну ў Празе пад кіраўніцтвам прафесара Яраслава Свабоды і прафесара Уладзіміра Капецкага. Ужо 10 гадоў ён з’яўляецца выкладчыкам Сярэдняй мастацка-прамысловай школы шкляной вытворчасці. У Мінску Петр Стаха выступіць з шэрагам лекцый перад студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Наведаць выставу "Колер святла" можна з серады па нядзелю з 11:00 па 19:00 да 1 красавіка.