МІНСК, 1 сак — Sputnik. Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) аднавіў сяброўства Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) у арганізацыі, заявіў кіраўнік АКР Аляксандр Жукаў.
5 снежня выканкам МАК часова адхіліў ДКР. Рашэнне было прынята на падставе працы камісій пад кіраўніцтвам Дзяніса Освальда і Самуэля Шміда, якія займаліся пераправеркай допінг-пробаў расійскіх атлетаў з сочынскай Алімпіяды-2014 і аналізавалі інфармацыю пра "дзяржумяшанне" ў расійскую антыдопінгавую сістэму. Разам з тым у дакладзе Шміда гаварылася, што доказаў падтрымкі вышэйшымі дзяржаўнымі органамі ўлады РФ "допінгавай сістэмы" знойдзена не было. У выніку расійскія спартсмены былі дапушчаныя да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Пхенчхане ў статусе "спартсмены-алімпійцы з Расіі" (OAR) і выступалі пад алімпійскім сцягам.
"Сёння мы атрымалі ліст з МАК з нагоды аднаўлення статусу. Ён даволі кароткі. Аднаўленне было звязана са сканчэннем допінг-тэстаў. У лісце напісана, што ўсе тэсты былі чыстымі. Аўтаматычна рашэнне аб аднаўленні ўступае ў сілу", — сказаў Жукаў.
Кіраўнік АКР адзначыў, што мінулыя тры месяцы сталі самымі цяжкімі для ўсяго расійскага спорту.
Ён выказаў словы падзякі расійскім спартсменам, якія выканалі ўмовы МАК. "Я хацеў бы падзякаваць нашым спартсменам, якія ў складаных умовах, уключаючы і правакацыі, здолелі не толькі выканаць усе ўмовы (МАК), але і годна выступіць", — удакладніў ён.
Акрамя таго, Жукаў адзначыў заслугу расійскіх заўзятараў, "якія аказалі каласальную падтрымку, якія пры гэтым змаглі не перайсці мяжу, за якой былі санкцыі". "Для нас гэта рашэнне з'яўляецца найважнейшым, таму што АКР зноў адноўлены ў правах і з'яўляецца паўнапраўным членам алімпійскай сям'і", — дадаў Жукаў.
Расіяне на Гульнях-2018 у Пхенчхане заваявалі 17 узнагарод (2 залатыя, 6 сярэбраных, 9 бронзавых). У медальным заліку зборная Расіі заняла 13-е месца.