МІНСК, 2 сак — Sputnik. Старт Горвата як пісьменніка называюць фенаменальным, аб чым сведчыць і выданне чарговай тысячы асобнікаў кнігі. Зараз іх, па словах аўтара, больш за пяць тысяч. І сёння "Радзіва Прудок", напісаная паляшуцкаю гаворкаю, разыходзілася таксама хутка.
"Пра гэту кнігу ведаюць, мабыць, больш за мяне. У мяне ёсць такі фірмовы подпіс "На добры настрой", якім я заўсёды і падпісваю старонку. Гэта тое, што я хачу, каб адчуў чалавек, які атрымаў і разгарнуў кнігу: каб у яго з'явіліся нейкія добрыя эмоцыі і ён адчуў цеплыню", — патлумачыў аўтар.
У ліку тых, хто прыйшоў па аўтограф, былі і прадстаўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі. Яны падзякавалі аўтару, пахвалілі кнігу і паабяцалі, што будуць захоўваць яе вельмі старанна.
Зараз Горват працуе над новай кнігай, але расказваць пра яе пакуль што не хоча. Не называе ні тэмы, ні астатніх падрабязнасцяў і абяцае, што ўсё гэта абавязкова "будзе потым".
Хутка "Радзіва Прудок" будзе не толькі кнігай, але і спектаклем. Акцёр Раман Падаляка рыхтуе прэм'еру на сцэне Купалаўскага тэатра.
Удзельнічаць у падрыхтоўцы пастаноўкі Андрусь не будзе. Плануе толькі патрапіць на прэм'еру, "каб паглядзець, што атрымалася". Аматары творчасці Горвата ў прадчуванні сцэнічнага прадстаўлення гісторыі, поўнай добрага гумару ды трапных назіранняў мастацкага вока.