Падобнае мерапрыемства праводзяць ужо другі раз, і, па словах удзельнікаў, усе атрыманыя грошы пойдуць Віцебскаму абласному спецыялізаванаму дому дзіцяці.
Дапамагчы з задавальненнем
"Я б хацеў назваць гэта не выставай, а праектам, паколькі мы праводзім яе ўжо другі раз, і я вельмі спадзяюся на далейшае развіццё. Бо мы тут не проста выстаўляемся, у нас ёсць пэўная мэта — сабраць грошы для Віцебскага абласнога дома дзіцяці, які яшчэ называюць Домам малюткі", — распавёў Sputnik арганізатар дабрачыннай выставы віцебскіх фатографаў, выкладчык фатаграфіі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы Аляксей Карасёў.
Па словах Аляксея, ідэя правесці падобнае мерапрыемства "лунала ў паветры", паколькі медыйная прастора Віцебска запоўнена рознымі дабрачыннымі праектамі: ад дапамогі прытулку для жывёл да збору сродкаў на лячэнне дзецям. На адкрыццё першай выставы, якая прайшла ў гэты ж час год таму, фатографы запрасілі адміністрацыю дзіцячага дома. Аднак зараз фатографы вырашылі не папярэджваць аб тым, што праводзяць выставу, а зрабіць прыемны сюрпрыз і адразу перавесці грошы на рахунак арганізацыі.
Яшчэ адным новаўвядзеннем стала магчымасць купляць фотаработы адразу на выставе, праўда, забраць іх можна будзе толькі пасля яе закрыцця.
"У мінулым годзе мы прадавалі сертыфікаты на фотасесіі ў фатографаў. Зараз жа вырашылі пачаць прадаваць фатаграфіі і падчас выставы, каб гледачы таксама маглі прыняць удзел у дабрачыннасці", — распавёў Аляксей Карасёў.
Усе фотаздымкі выкананы на пластыцы памерам А2 пры дапамозе сальвентнага друку, які выкарыстоўваюць для вонкавай рэкламы, паколькі ён вельмі ўстойлівы да ўздзеянняў навакольнага асяроддзя, г.зн. набытыя фатаграфіі доўга змогуць радаваць уладальніка.
На выставе прадстаўлены 50 фотапартрэтаў ад 19 фатографаў на агульную тэму "Жаночы вобраз, ці Як фатографы бачаць і захоўваюць прыгажосць жанчыны". Хоць, па запэўненнях арганізатараў, работ было даслана значна больш, і прыйшлося адбіраць лепшыя з іх. Лейтматывам мінулагодняй экспазіцыі была сям'я, таму і назва ў яе была адпаведная — "Сямейныя каштоўнасці".
"Мне вельмі спадабалася леташняя назва, і я хачу, каб і ўсе наступныя выставы былі аб'яднаны тэмай сямейных каштоўнасцяў", — патлумачыў Аляксей Карасёў.
Фатограф спадзяецца, што такія выставы будуць праходзіць і ў далейшым, і з кожным разам грошай для сірот удасца збіраць больш, бо "колькі б ні сабраў, усё роўна здаецца, што гэтага недастаткова".
Буйная падзея
"У Віцебску нячаста праходзяць выставы, на якіх выстаўленыя працы некалькіх фатографаў адначасова. Напэўна, раз у год, не часцей. Таму для фотамастакоў такая выстава — значная падзея. Бо правядзенне падобных мерапрыемстваў патрабуе вялікіх матэрыяльных і фізічных выдаткаў", — распавяла ўдзельнік выставы Вольга Кацько.
На экспазіцыі прадстаўлены работы як прафесіяналаў, так і аматараў, — галоўнае, каб партрэт быў добра выкананы.
"Я ўдзельнічаю ў выставе ўжо другі год. Для мяне гэта магчымасць не толькі паказаць свае працы, але і прыцягнуць людзей да ўдзелу ў дабрачыннасці. Можна сказаць, што тут мы сумяшчаем прыемнае з карысным: паказваем гледачам прыгажосць жанчыны і дапамагаем дзецям. І гэта выдатна!" — падзялілася меркаваннем Таццяна Заплітная.
Па словах фатографа, некаторыя яе мадэлі з задавальненнем дазволілі выкарыстоўваць свае фатаграфіі ў праекце, а потым вырашылі выкупіць свае партрэты адразу на выставе.
Выстава будзе доўжыцца два тыдні ў выставачнай зале Музычная гасцёўня. За гэты час любы жыхар горада зможа не толькі паглядзець якасныя фотаработы, але і дапамагчы дзіцячаму дому.