МІНСК, 12 сак — Sputnik. Наведвальнікі выставы жывапісу і графікі "Паралельныя гісторыі" змогуць пазнаёміцца з творчасцю пяці беларускіх мастачак, паведамляецца на афіцыйнай старонцы галерэі "Універсітэт культуры" у сацыяльнай сетцы "УКантакце".
Арганізатары запрашаюць гледачоў дакрануцца да свету мастацкіх вобразаў Алы Кушнер, Наталлі Каржыцкай, Наталлі Шапавалавай, Марыны Канавалавай і Юліі Нявейкі.
"Творчы працэс — гэта двухбаковы рух. З боку мастака — гэта раскрыццё свету, свайго захаплення ім і адкрыццё свету ў сабе. Тут ідзе зашыфроўка ўражанняў і пачуццяў сваёй індывідуальнай аўтарскай мовай. Сустрэчны рух — гэта рух гледача ў імкненні зразумець, што хацеў сказаць мастак", — падкрэслілі арганізатары. Яны ўпэуненыя, што падчас выставы гледачы змогуць знайсці паролі да вобразаў мастачак.
Урачыстае адкрыццё выставы запланавана на 14 сакавіка. Убачыць карціны выдатных беларускіх творцаў можна да 26 сакавіка.